"Белпошта" прыпыняе адпраўку карэспандэнцыі ва ўсе краіны, акрамя Расіі і Кітая

"Белпошта" прыпыняе адпраўку карэспандэнцыі ва ўсе краіны, акрамя Расіі і Кітая

РУП "Белпошта" часова спыняе перасылку паштовых адпраўленняў (пісьмовай карэспандэнцыі, пасылак і адпраўленняў EMS) ва ўсе краіны свету, акрамя Ганконга, Кітая ды Расіі. Адпаведная абвестка з'явілася на сайце прадпрыемства. 

Гэта тлумачыцца тым, што ва ўмовах пандэміі каранавіруса шмат якія краіны скарацілі або ўвогуле забаранілі замежныя авіярэйсы. 

"Белпошта" абяцае карэктаваць пералік краін, даступных для паштовых адпраўленняў, калі ў іх можна будзе весці дастаўку карэспандэнцыі. 

"З паведамленняў прызначаных аператараў шэрагу краін — чальцоў Сусветнага паштовага саюза вынікае, што праз каранцін, абвешчаны ў іх краінах, не хапае працоўнага персаналу, таму чакаюцца сур'ёзныя затрымкі ў дастаўцы ўваходных EMS-адпраўленняў і невыкананне тэрмінаў дастаўкі адпраўленняў пісьмовай карэспандэнцыі і пасылак", — гаворыцца ў паведамленні "Белпошты".

Таксама паштовыя работнікі адзначаюць пра меры, уведзеныя для таго, каб пазбегнуць фізічных кантактаў з атрымальнікамі. Адпраўленні EMS і рэгістраваныя адпраўленні, для якіх звычайна патрабуецца подпіс адрасата, будуць дастаўляцца праз паштовыя або абаненцкія скрыні, паштаматы, без распіскі атрымальніка. За атрымальніка будзе распісвацца паштальён, які абавязаны ўказаць нумар пасведчання асобы атрымальніка.

Аддзяленні паштовай сувязі ў Беларусі працуюць у звычайным рэжыме. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі