Беларусы ўпарадкавалі помнік слуцкім паўстанцам у Баварыі (фота)

Сябры “Беларуска-Еўрапейскага задзіночання” наведалі мясцовасць Лутэнзе ў Нямеччыне.





Паводле слоў кіраўніка арганізацыі Змітра Піменава, "давесці помнік да належнага стану" ён вырашыў, калі ўпершыню наведаў гэтую мясцовасць разам з сябрамі ініцыятывы "Беларуская нацыянальная памяць". Бо было "вельмі сорамна перад душамі тых беларусаў, што ў далёкім 1948 годзе яго пабудавалі". Як вядома, помнік быў усталяваны ў памяць удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну 1920 года.





Каб атрымаць дазвол на бетанаванне слупкоў вакол помніка, беларусы звярталіся ў амбасаду Нямеччыны ў Бельгіі, але немцы ніякага адказу не далі. "Але слупкі мы і так паставілі. Зразумела была рызыка, але была надзея на Божую дапамогу”, — кажа Піменаў.



 

Нагадаем, забыты помнік случчакам у 2008 годзе знайшлі сябры “Беларускай нацыянальнай памяці” падчас сваёй еўрапейскай экспедыцыі па пошуку магілаў беларусаў.