Вы тут

Беларускую мову на ЦТ будуць здаваць менш, чым англійскую

На цэнтралізаванае тэставанне ў Беларусі сёлета зарэгістравалася 100 811 чалавек, паведаміў намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.

Самым папулярным прадметам у беларускіх абітурыентаў з’яўляецца руская мова. Яе будуць здаваць больш за 77%, ці 78 004 чалавекі. Другое месца займае матэматыка — 47 853 асобы, на трэцім ідзе фізіка — 27 718. Англійскую мову будуць здаваць 22 558 чалавек, біялогію — 23 512.

На беларускую мову сёлета запісалася толькі 22% абітурыентаў (22 348) — гэта на 210 чалавек менш, чым на англійскую.

Гісторыю Беларусі будуць здаваць 18 889 чалавек, хімію — 12 302, грамадазнаўства — 11 360, нямецкую мову — 3 456, сусветную гісторыю найноўшага часу — 1 290, геаграфію — 1 141, французскую мову — 734, іспанскую — 159.

Менш за ўсё абітурыентаў будуць здаваць кітайскую мову — толькі 14 чалавек, паведамляе БЕЛТА.

Цэнтралізаванае тэставанне сёлета будуць ладзіцца паводле наступнага графіка: беларуская мова — 13 чэрвеня (панядзелак), руская мова — 14 чэрвеня (аўторак), грамадазнаўства — 16 чэрвеня (чацвер), біялогія — 18 чэрвеня (субота), матэматыка — 19 чэрвеня (нядзеля), гісторыя Беларусі — 21 чэрвеня (аўторак), хімія — 23 чэрвеня (чацвер), фізіка — 24 чэрвеня (пятніца), замежная мова (англійская, нямецкая, французская, іспанская, кітайская) — 25 чэрвеня (субота), сусветная гісторыя (найноўшы час) і геаграфія — 27 чэрвеня (панядзелак).

Кожны іспыт на тэставанні будзе пачынацца а 11-й гадзіне. Дата рэзервовага дня — 5 ліпеня (аўторак). Для таго, каб прайсці ЦТ у рэзервовы дзень, трэба зарэгістравацца з 28 чэрвеня па 1 ліпеня.