Вы тут

Беларускую "дачку" расійскай "Транснафты" могуць нацыяналізаваць

На прадпрыемстве "Захад-Транснафтапрадукт"/ ztnp.by

Павелічэнне падатковай нагрузкі на транзіт расійскай нафты і нафтапрадуктаў па тэрыторыі Беларусі можа прывесці да банкруцтва і далейшай нацыяналізацыі УП "Захад-Транснафтапрадукт", заявіў агенцтву ТАСС афіцыйны прадстаўнік расійскай "Транснафты" Ігар Дзёмін. "Захад-Транснафтапрадукт" з'яўляецца "дачкой" "Транснафты" і ажыццяўляе транзіт па тэрыторыі Беларусі нафтапрадуктаў ад расійскіх і беларускіх НПЗ у Венгрыю і Латвію.

Указам Аляксандра Лукашэнкі ад 10 студзеня 2020 года быў істотна павялічаны падатак на прыбытак для прадпрыемстваў, якія займаюцца транзітам расійскай нафты і нафтапрадуктаў па тэрыторыі Беларусі, — з 18% да 50%, а таксама ўведзены экалагічны падатак. У выніку больш за 80% ад прыбытку прадпрыемства стала сыходзіць на выплату дадаткова уведзеных падаткаў, распавядаў агенцтву Sputnik Беларусь генеральны дырэктар "Захад-Транснафтапрадукту" Уладзімір Лявонаў. Ён таксама казаў, што з-за нерэнтабельнасці прадпрыемства можа прыпыніць працу, і каля 500 работнікаў могуць апынуцца на вуліцы.

Па словах афіцыйнага прадстаўніка "Транснафты" Дзёміна, атрымліваць прыбытак з улікам падатковых зменаў "Захад-Транснафтапрадукт" можа толькі пры аб'ёме прапампоўкі 4,7 мільёнаў тон нафтапрадуктаў у год. А летась прадпрыемства прапампавала толькі 4 мільёны. Такі ж аб'ём прапампоўкі чакаецца і ў бліжэйшыя некалькі гадоў, дадаў Дзёмін.

"Магчымы пераход УП "Захад-Транснафтапрадукт" з уласнасці Расійскай Федэрацыі ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь прывядзе да істотных фінансавых страт РФ", — адзначыў ён.

Раней паведамлялася, што сітуацыя вакол "Захад-Транснафтапрадукта" будзе абмяркоўвацца ў ходзе пасяджэння Групы высокага ўзроўню Савета міністраў Саюзнай дзяржавы. Сустрэча пройдзе ў сакавіку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.