Беларускія V.I.Pы не давяраюць таварам айчыннай вытворчасці

Андрэй Тур будзе набываць беларускія тавары, калі яму спадабаюцца ўмовы гарантыі. Іна Афанасьева – калі кошты будуць на парадак ніжэй, чым на замежныя рэчы. Аляксандр Кулінковіч нічога з беларускай тэхнікі ніколі купляць не будзе. Віктар Марціновіч прызнае, што зрабіў у жыцці два глупствы – набыў “Атлант” і “Gefest”. А Аляксандр Фядута раіць Дзяржкантролю не рэкламаваць тавары спажыўцам, а працаваць з вытворцамі. Днямі на чарговым пасяджэнні па пытаннях імпартазамяшчэння спажывецкіх тавараў старшыня Камітэта дзяржкантролю Зянон Ломаць ізноў рэкламаваў айчынную вытворчасць. Маўляў, нашы халадзільнікі, тэлевізары і маніторы для камп’ютараў не саступаюць па якасці замежным. Але людзі іх чамусьці не набываюць, і тыя тавары ляжаць на сховішчах, у той час, калі іх месца ў нашых кватэрах. Еўрарадыё вырашыла распытаць вядомых людзей, тэхнікай чыёй вытворчасці яна карыстаюцца і пры якіх умовах заменяць імпартную на айчынную.

Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур расказаў Еўрарадыё, што ў яго дома айчыннай і замежнай бытавой тэхнікі прыблізна аднолькава. Але цалкам перайсці на беларускае ён пагадзіцца толькі ў тым выпадку, калі яму спадабаюцца ўмовы гарантыі.

Андрэй Тур: “Рознага хапае. Тэлевізар адзін “Гарызонт”, другі – Panasonic. Вы ж выдатна разумееце, што ў бытавой сферы навінкі змяняюцца дастаткова хутка. Таму ўсё адносна. А ў любой новай рэчы трэба глядзець, якія ўмовы гарантыі”.

У спявачкі Іны Афанасьевай з бытавой тэхнікі айчынны толькі халадзільнік – “Атлант”. Але тое, што ў апошні час выпускае наша прамысловасць, па яе словах, ёй падабаецца. Па якасці і дызайне. А вось па кошце – не. Таму і не спяшаецца набываць беларускае. Асабліва, тавары лёгкай прамысловасці.

Іна Афанасьева: “Не так даўно я патрапіла ў вялікую грамадскую краму. Мне неабходна было пашукаць абутак. Ведаеце, я шчыра верыла ў тое, што наш абутак будзе каштаваць значна менш, таму што наша вытворчасць і якасць, магчыма, не такая, як у італьянскай. Але апынулася, што кошты на наш абутак у нашых крамах вельмі высокія. За тыя ж грошы можна набыць італьянскія боты, якія будуць і па калодцы зручныя, і па дызайне прыгожыя. Калі я пабачыла звалены да кучы абутак, увесь чорнага колеру, і незразумела, якіх фасонаў, і каштавала гэта каля 200 долараў, мяне гэта здзівіла”.

Спявачка кажа, што нашым вытворцам трэба раўняцца на замежных толькі ў галіне якасці, а не коштаў.

Цалкам супрацьлеглае меркаванне наконт беларускай бытавой тэхнікі ў лідэра гурта “Neurо Dubel” Аляксандра Кулінковіча. У яго няма бытавой тэхнікі айчыннай вытворчасці, і якасць беларускай тэхнікі выклікае ў музыкі вялікі сумнеў.

Аляксандр Кулінковіч: “Беларускае – нязручнае, непрактычнае, яно зроблена не для людзей, а невядома для каго”.

Яго таксама не задавальняе і кошт беларускіх тавараў. Кажа, за тыя ж грошы, што і “Гарызонт”, можна набыць якасны еўрапейскі тэлевізар.

Аляксандр Кулінковіч: “Навошта мне набываць няякасны беларускі прадукт, калі я магу набыць за тыя ж грошы, і нават танней, штосьці еўрапейскае альбо японскае. Навошта, я не разумею? Я не магу зразумець людзей, якія набываюць “Гарызонт”.

Намеснік галоўнага рэдактара “Белгазеты” Віктар Марціновіч прызнаўся Еўрарадыё, што ў сваім жыцці зрабіў два вялікія глупствы, – набыў брэсцкую газавую пліту “Gefest” і халадзільнік “Атлант”. Але з таго часу аб’явіў сваю кватэру тэрыторыяй свабоднай ад айчыннай тэхнікі.

Віктар Марціновіч: “У свой час я зрабіў глупства і набыў брэсцкую газавую пліту “Gefest”. Праз паўгода ў яе зламаўся рычаг, які яе адкрывае. І вось 4,5 гады я ўхваляю якасць беларускіх тавараў кожны раз, калі падыходжу да пліты. Яшчэ адно глупства зрабіў, што купіў халадзільнік “Атлант”. З ім, праўда, пакуль усё нармальна, але пасля пліты я разумею, што лепш купіў бы які-небудзь Indesit. Цяпер у мяне дома тэрыторыя свабодная ад тавараў беларускай вытворчасці”.

Журналіста таксам здзіўляе, чаму тавары айчынных вытворцаў каштуюць даражэй за тавары замежныя, якія яны мусяць “імпартазамяніць”. Таму, кажа, у такія гульні, як “Падтрымаем айчыннага вытворцу, нягледзячы ні на што!” ён не гуляе.

Расчараваўся ў айчыннай бытавой тэхніцы, дзякуючы халадзільніку “Атлант”, і вядомы палітолаг Аляксандр Фядута.

Аляксандр Фядута: “Халадзільнік у мяне беларускі, і я вельмі шкадую, што паддаўся на ўгаворы жонкі, і мы купілі менавіта беларускі халадзільнік. Таму, што ён дрэнны, ён дрэнна працуе”.

На яго думку, трэба не шукаць сродкі, як прымусіць людзей набываць айчынныя тавары, а працаваць з вытворцамі, каб гэтыя тавары былі больш якасныя і таннейшыя за замежныя.

Аляксандр Фядута: “Гэта ні ад якога Зянона Ломаця не залежыць, а ад таго, чым займаецца прадпрыемства. Калі ў нас звычайныя пельмені прадаюць, прывезеныя з Пецярбургу, а грыбы прывозяць з Тулы альбо Кастрамы, – хай працуюць, каб гэтага глупства не было. Вязуць гэтыя пельмені, а яны і таннейшыя, і лепшыя за беларускія! Таму, хай працуюць з вытворцамі. А ўгаворваць мяне набываць беларускае не трэба, – будзе добрае, буду і так купляць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі