Беларускія памежнікі затрымалі беглага расійскага банкіра з фальшывым пашпартам

Беларускія памежнікі затрымалі беглага расійскага банкіра з фальшывым пашпартам

На беларуска-польскай мяжы памежнікі затрымалі былога кіраўніка расійскага "Плато-банка" Андрэя Лазарава, асуджанага ў Екацярынбургу за крадзеж за 1,2 мільярда расійскіх рублёў. Экс-банкір спрабаваў выехаць у Польшчу па падробленым пашпарце, піша TUT.by

"Ён быў затрыманы ў цягніку Брэст — Варшава пры спробе перасячы беларуска-польскую мяжу. Памежнікам ён паказаў пашпарт грамадзяніна Славеніі з прыкметамі частковай падробкі: у ім былі замененыя старонкі з установачнымі данымі асобы", — падзяліўся падрабязнасцямі афіцыйны прадстаўнік Памежнага камітэта Антон Бычкоўскі.

Праверка выявіла, што мужчына абвешчаны ў вышук на тэрыторыі Расіі.

Беглага банкіра затрымалі 30 сакавіка. Цяпер ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання Брэсцкай памежнай групы і чакае экстрадыцыі ў Расію.

12 снежня 2018 года суд у Екацярынбургу асудзіў Лазарава на шэсць гадоў калоніі агульнага рэжыму. Да прысуду суда банкір быў пад закладам у мільён расійскіх рублёў, але ў залу суда на абвяшчэнне прысуду не з'явіўся.

Лазарава прызналі вінаватым па крымінальнай справе аб фінансавых махінацыях у банку ў складзе арганізаванай злачыннай групы. Па версіі следства, у 2013-2015 гадах ён з саўдзельнікамі прысабечыў грошы банка на суму больш за 1,2 млрд расійскіх рублёў, незаконна выдаўшы 64 крэдыты фірмам-аднадзёнкам, падкантрольным сабе. Потым гэтыя грошы былі легалізаваныя праз фінансавыя аперацыі ды іншыя здзелкі. У выніку банк не змог у поўным аб'ёме задаволіць патрабаванні крэдытораў па грашовых абавязаннях. У 2015 годзе ў "Плато-банка" адклікалі ліцэнзію і прызналі яго банкрутам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі