Беларускія казкі расказалі праўду пра памяркоўнасць беларуса!

8 чэрвеня ў кінатэатры “Перамога” у 13.00 адбудзецца прэзентацыя казачнага праекту Алега Хаменкі, які сабраў і выдаў дзесяць дыскаў беларускіх народных казак без цэнзуры. У агучванні казак узялі ўдзел тэле-і радыёвядучая Тамара Лісіцкая і адзіная, па сутнасці, апавядальніца беларускіх народных казак у нашай краіне Ларыса Рыжкова.

Лідэр гурта “Палац” распавёў Еўрарадыё, што дыскі з дня на дзень з’явяцца ў крамах. Пры запісе захаваны тэматычны падзел, уласцівы беларускай фальклорнай традыцыі:

Алег Хаменка: Нарэшце скончылася не толькі творчая але і тэхнічная праца і ўсе казкі, а гэта дзесяць кампактаў, павінны з’явіцца зараз ў крамах. Тры плыты – гэта казкі пра жывёл, чатыры – чарадзейныя казкі, тры – сацыяльныя і апошні, дзясяты дыск – гэта ўжо казкі для дарослых, казкі пра жыццё.

Музыка спадзяецца, што прэзентацыя пераўтворыцца ў сямейнае свята, дзе можна будзе паслухаць беларускія казкі і жарты. Больш таго, дарослыя, па меркаванні музыкі, атрымаюць задавальненне не меншае, чым дзеці.

Алег Хаменка: “Яны звычайна крыху філасафічныя, таму дарослыя сабе абавязкова ўздымуць настрой “

Адметнасць выдадзеных казак у максімальнай набліжанасці да мовы арыгігалу, то бок да дыялектаў. Музыка падкрэслівае, што менавіта па гэтай прычыне казкі не прачытаныя па ролях.

Алег Хаменка: "Спачатку мы хацелі іх максімальна наблізіць да літаратурнай мовы, але ад гэтага згубілася спецыфічная прыгажосць. Таму шмат чаго з дыялектаў мы пакінулі, бо вырашылі, каб нашыя слухачы пачулі тое ж самае, што і мы некалі. Менавіта з гэтай нагоды нашыя казкі не прачытаныя па ролях. Іх распавядае адзін голас. Хацелася б, каб слухач адчуў сабе , як у дзяцінстве, нібыта сеў на калені і сказаў: “Дзеда, раскажы казку!”

Нагадаем, што імпрэза адбудзецца 8 чэрвеня, у кінатэатры “Перамога” ў 13.00. Уваход вольны. Бярыце дзетак і далучайцеся да родных казак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі