Беларускім школьнікам прадаюць сшыткі з расійскім гербам, Мінадукацыі не супраць

Беларускім школьнікам прадаюць сшыткі з расійскім гербам, Мінадукацыі не супраць

Перад навучальным годам у крамах Fix Price па ўсёй Беларусі пачалі прадаваць сшыткі з выявай расійскага герба, Крамля і матрошак. Па цэнтры сшытка надпісы: “Россия  — Родина”, “Русский язык  — национальный язык русского народа, всех важнейших документов страны. Принадлежит к числу наиболее распространённых языков мира. Ранее русский язык носил другие названия: российский и великорусский”.

На сшыткі па рускай мове з двухгаловым арлом звярнула ўвагу актывістка, настаўніца гісторыі з Светлагорска Алена Маслюкова. Еўрарадыё знайшло іх і ў Мінску. Разбіраемся, што гэта: выпадковасць ці мэтанакіраваная прапаганда? І ці не ўзнікне з-за прарасійскіх сшыткаў пытанняў да вучняў у школе?

 

“У школьнікаў застанецца, што расійскае — гэта нашае”

Fix Price — расійская гандлёвая сетка з філіяламі ў Грузіі, Казахстане і Латвіі. Па Беларусі дзясяткі крам працуюць у Мінску, Светлагорску, Салігорску, Полацку, Асіповічах і іншых гарадах.  

“Разам з унучкай гулялі па горадзе і зайшлі ў гэтую краму, — распавяла Еўрарадыё Алена Маслюкова. — Унучка ў аддзеле са школьнымі прыладамі схапіла сшытак і разглядае. Гляджу, а ў яе ў руках сшытак з гэтым [расійскім. — Еўрарадыё] сцягам. Я сфатаграфавала і пайшла ў аддзел ідэалогіі райвыканкама. Потым у аддзел гандлю, маўляў, чым вы гандлюеце?”

Светлагорская настаўніца ўпэўненая, што без так званага рускага міру тут не абышлося. “Відавочна праглядаецца “рускі мір”, — дадае Алена Маслюкова. — А ўявіце, наколькі дзеці… Унучка схапіла менавіта гэты сшытак! Ён яркі, ён прываблівае. Такім чынам у свядомасці навучэнцаў будзе заставацца, што гэта [расійскае. — Еўрарадыё] нашае?”

 

Мінадукацыі: у школе пытанняў да прарасійскіх сшыткаў не ўзнікне

Ці можна выкарыстоўваць у школах сшыткі з чужой дзяржаўнай сімволікай? У Міністэрстве адукацыі Еўрарадыё расказалі, што ніякіх перашкод няма.

Беларускім школьнікам прадаюць сшыткі з расійскім гербам, Мінадукацыі не супраць

“Калі яны [сшыткі. — Еўрарадыё] прадаюцца ў нас, значыць, можна. Магчыма, вам не нам трэба тэлефанаваць, а ў Міністэрства гандлю. Думаю, на вучэбны працэс гэта [выкарыстанне сшыткаў з расійскай сімволікай. — Еўрарадыё] не паўплывае, — адказала прэс-сакратар Мінадукацыі Людміла Высоцкая.

Ці не з’яўляецца парушэннем закона гандаль таварамі з выявай дзяржаўных сімвалаў іншай краіны? Гэтае пытанне Еўрарадыё накіравала ў Міністэрства гандлю. Там папрасілі даслаць афіцыйны зварот і паабяцалі хуткі адказ.

 

“Гэта не з мэтай нейкай прапаганды, гэта проста сшыткі”

Сшыткі з расійскай сімволікай каштуюць крыху танней за іншыя, таму і карыстаюцца попытам. Але хто і навошта прапануе беларускім школьнікам прарасійскія тавары?

Беларускім школьнікам прадаюць сшыткі з расійскім гербам, Мінадукацыі не супраць
Крама ў Мінску

У мінскім офісе гандлёвай сеткі Fix Price здзіўляюцца пытанням Еўрарадыё і адмаўляюць прапаганду “рускага міру”.

“Мы будзем разбірацца, магчыма, гэта выпадковасць, — адказалі ў аддзеле продажаў. —   Калі б былі пастаўшчыкі з беларускай сімволікай, мы б з задавальненнем гандлявалі. Гэта не з мэтай нейкай прапаганды, гэта проста тавар. 

Прапаганда — гэта калі мэтанакіравана даносіцца нейкая інфармацыя. І калі б былі сшыткі з беларускай і расійскай сімволікай, але беларускія свядома прыбіраліся, дык гэта была б прапаганда. Гэта проста сшыткі. Магчыма, прайшла такая партыя. Калі гэта забаронена, мы, натуральна, прыбяром”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі