Беларускі школьнік паказаў расіяніну, які ішоў у Польшчу, няправільны напрамак
![Беларускі школьнік паказаў расіяніну, які ішоў у Польшчу, няправільны напрамак](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/2ef62ad23c0154c6e83632f6955dd330.jpg.webp?itok=Kvc2u66V)
У Бераставіцкім раёне Гродзенскай вобласці затрымалі грамадзяніна Расіі, які спрабаваў здзейсніць нелегальны пераход у Польшчу. Памежнікам дапамог вучань 9-га класа Максім Каплінскі. Менавіта да яго звярнуўся каля крамы ў цэнтры аграгарадка "Памежны" невядомы мужчына з заплечнікам. Ён спытаўся, у якім баку знаходзіцца мяжа з Польшчай і колькі да яе кіламетраў. Хлопец паказаў няправільны напрамак, а сам патэлефанаваў памежнікам. Да іх прыбыцця школьнік назіраў за невядомым.
Як інфармуе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі, затрыманы аказаўся 25-гадовым грамадзянінам Расіі. Два гады таму ўраджэнец Курганскай вобласці ўжо спрабаваў нелегальна патрапіць праз Беларусь у ЕС, але быў затрыманы і дэпартаваны. На 5 гадоў яму быў забаронены ўезд на тэрыторыю нашай краіны. У дачыненні замежніка распачалі крымінальную справу, яму пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.