Вы тут

Беларускі санаторый, закрыты праз COVID-19 у госця, аднавіў работу

Лепельскі ваенны санаторый/ lepelsan.by

Лепельскі ваенны санаторый у Віцебскай вобласці аднавіў работу. У канцы сакавіка ён часова закрываўся на каранцін да 7 красавіка праз 62-гадовага адпачывальніка з Саратава (Расія) з падазрэннем на COVID-19. Каранавірус пацвердзіўся, але ход хваробы не быў цяжкі.

"Ён ужо вылечыўся і вярнуўся дадому. Мы ўсё апрацавалі, пакуль былі закрытыя на каранцін, а цяпер працуем — усё добра. Сёння ўжо прымаем людзей. Іх няшмат, але едуць — нашы, беларусы", — расказалі Еўрарадыё ў маркетынгавым аддзеле санаторыя.

Па словах супрацоўніцы, звычайна ў гэты перыяд года санаторый цалкам запоўнены. Але ў 2020 годзе ахвотных адпачыць менш у пяць разоў.

Рамонт на паверсе

Расіяне "не прыехалі" ў першую чаргу праз абмежавальныя меры, уведзеныя ў Расіі. Але і сітуацыя, якая склалася ў санаторыі, паўплывала на колькасць адпачывальнікаў. Жыхар Санкт-Пецярбурга Міхаіл Півавараў, які папраўляў здароўе ў Лепельскім ваенным санаторыі, расказаў Еўрарадыё, як развіваліся падзеі.

"23 або 24 сакавіка а 12:00 я вяртаўся з працэдур і ўбачыў насупраць галоўнага ўвахода корпуса №1, дзе я жыў, хуткую дапамогу і побач двух санітараў у масках. Яны мне сказалі, што будуць забіраць хворага з трэцяга паверха з высокай тэмпературай і задышкай. Я спытаў: "Не каранавірус?" Адказалі: "Не ведаем". Я падняўся на трэці паверх, там убачыў доктарку з хуткай дапамогі ў масцы. Яна пацвердзіла сказанае санітарамі", — паведаміў мужчына.

Па словах Піваварава, праз хворага пастаяльца яго перасялілі ў нязручны нумар. Праўда, растлумачылі гэта "рамонтам на паверсе". 29 сакавіка грамадзянін Расіі быў вымушаны пакінуць Беларусь праз тое, што з 30 сакавіка Расія закрывала свае межы. Пра тое, што стаў сведкам шпіталізацыі пацыента з COVID-19, Півавараў даведаўся ўжо ў Расіі — са СМІ.

Мужчына паскардзіўся Еўрарадыё, што адміністрацыя лячэбнага комплексу не вяртае яму грошы за дні адпачынку, якімі ён не змог скарыстацца.

У маркетынгавым аддзеле санаторыя нам пацвердзілі, што канфліктная сітуацыя ёсць. Аднак запэўнілі, што "пытанне вырашаецца" і грошы расіяніну будуць вернутыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.