Вы тут

Санаторый у Віцебскай вобласці закрылі на каранцін праз COVID-19

Лепельскі вайсковы санаторый / lepelsan.by

Лепельскі вайсковы санаторый закрылі на каранцін да 7 красавіка. На сайце ўстановы пра часовае спыненне дзейнасці няма ніякай інфармацыі, але гэта Еўрарадыё паведамілі ў самім лячэбным комплексе. Па словах супрацоўніцы маркетынгавага аддзела, прычынай каранціну стала тое, што ў аднаго з наведвальнікаў выявілі каранавірус — хаця “афіцыйнага ліста з Мінздароўя няма”.

“Мужчына, які дагэтуль знаходзіцца ў бальніцы. Ён прыехаў з сямейнікамі і жыў разам з імі, і еў разам з імі. Яны здаровыя, а ў яго знайшлі”, — кажуць у санаторыі. 

Мужчына з сям’ёй прыехаў з расійскага горада Саратава. Ён 1962 года нараджэння — гэта значыць яму 57 ці 58 гадоў. 

Лепель — раённы цэнтр у Віцебскай вобласці. У апошнія дні з гэтага рэгіёна ідзе трывожная інфармацыя пра сітуацыю з распаўсюдам каранавіруснай інфекцыі. Раніцай 31 сакавіка ў Віцебску памёр 75-гадовы акцёр мясцовага Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч. Магчыма, гэта першая смерць ад каранавіруса, аднак афіцыйнага пацвярджэння гэтаму пакуль няма. 

Аляксандр Лукашэнка падчас сённяшняй сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі і экс-кіраўніцай Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Качанавай назваў Віцебскую вобласць “праблемным рэгіёнам”. Высветлілася, што кіраўнік дзяржавы накіраваў туды міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка і групу спецыялістаў. 31 сакавіка яны працуюць там — мусяць прааналізаваць сітуацыю і "зрабіць высновы".

На 30 сакавіка (апошняя афіцыйная статыстыка) у Беларусі было афіцыйна заяўлена пра 152 выпадкі заражэння каранавірусам. Прычым 58 новых выпадкаў зафіксавана за апошнія тры дні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.