Беларуская “Паша Ангеліна” жыла ў доме састарэлых разам са сваім трактарам

Двойчы Гераіня сацпрацы Праскоўя Ангеліна памерла ў 49 гадоў ад цырозу. Яе беларуская каляжанка, трактарыстка Надзея Куніцкая памерла ў 2009-м у Інтэрнаце ветэранаў вайны і працы ў Ждановічах.
12 сакавіка ёй было б 84 гады. Да дня народзінаў жанчына не дажыла 2 месяцы. Надзея Куніцкая была самай вядомай у Беларусі трактарысткай. Узнагароджаная ордэнам Леніна і залатым медалём "Серп і молат", ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі "За працоўную доблесць" і "За доблесную працу". Абіралася дэпутаткаю саветаў, дэлегаткаю з'езда КПСС. Тагачасны першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў ляпіў з беларускай сялянкі копію легендарнай Пашы Ангелінай.

У 2008 г.ушанаваная тытулам  "Ганаровая грамадзянка Мінскай вобласці". 

Праскоўя Ангеліна памерла ў 1959 г. Прыехала ў Маскву на сесію Вярхоўнага Савета, дрэнна сябе адчула, звярнулася да лекараў. Яе лячылі ў крамлёўскай клініцы, але выратаваць было немагчыма: цыроз печані. Другую зорку Героя цётцы Пашы ўручылі перад смерцю. Пахаваць хацелі на Новадзевічых могілках, але сваякі забралі жанчыну ў роднае Стара-Бешава Данецкай вобласці. Там ёсць помнік і вуліца яе імя.

Праскоўя Ангеліна - чалавек-знак савецкай эпохі. Менавіта ёй прыпісваюць заклік: "Сто тысяч сябровак - на трактар!" Роўна 70 гадоў назад тагачасны ЦК ВЛКСМ прыняў рашэнне "Аб падрыхтоўцы без адрыву ад вытворчасці 100 000 жанчын-трактарыстак". На заклік Пашы адгукнуліся 200 тысяч жанчын.

На некаторы час жыццё Пашы наладзілася. Ён не адмовілі ў просьбе пабудаваць для свайго пасёлка ГЭС. У яе брыгаду дасылалі новыя трактары на выпрабаванні. Яна адмовілася змяняць сваю "Перамогу" на модную ў той час "Волгу". Старэйшая дачка Ангеліна скончыла МДУ і даўно жыве ў Маскве, ужо на пенсіі. Малодшая - Сталіна - скончыла медінстытут, але рана памерла.

А што ж мела беларуска Надзея Куніцкая? У сваёй аўтабіяграфіі і ў гутарках прызналася: "Скончыла толькі 6 класаў. У пасляваенны час хадзіла за плугам і бараной, потым - працавала ўсё жыццё на трактары. Сям'і не стварыла. Мае жаніхі загінулі на вайне".

У 1971 г. Пётр Машэраў уручаў ёй зорку Героя. Раней не атрымалася. Масква патрабавала, каб беларуская трактарыстка мінула ўсе прыступкі да вышэйшай узнагароды: медалі, ордэны, дэпутацтва.

У 1972 г. Менскі трактарны завод выпусціў мільённы трактар, якім стаў МТЗ-52. Пётр Машэраў уручыў яго Надзеі Куніцкай. Гэты трактар стаў яе адзінай уласнасцю. У 1982 г. пенсіянерка перабралася разам з трактарам у дом-інтэрнат у Ждановічах. Да 80 гадоў узімку чысціла на трактары снег, увесну апрацоўвала зямельны ўчастак.

На хаўтурах пляменнікі Надзеі Куніцкай адмовіліся ад 37-гадовага трактара цёткі. Папрасілі вярнуць на трактарны завод і паставіць на пастамент. І яшчэ - каб імя Надзеі Куніцкай надалі адной з вуліц у Лагойску.

РэгіёныBY


На здымку: летась спн. Куніцкай уручылі грамату "Ганаровая Грамадзянка Міншчыны". Здымак з газеты "Мінская праўда"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі