Беларуская чыгунка зробіць брэнд за мільярд

Брэндбук будзе дарагі, бо рэбрэндзіцца ўсё: ад візітоўкі супрацоўніка да вагона цягніка, тлумачаць у адміністрацыі беларускай чыгункі.

“Усе шыльды, офісы, афармленне навігацыі на вакзалах. Гэта — не проста намаляваць карцінку, трэба зрабіць шэраг дакументаў, гэта каласальная праца. Намаляваць лога і выдумаць слоган — гэта адно, а распрацаваць цэлы пласт дакументацыі і прывязаць да апісання распрацаваны дызайн — гэта вялікая праца”, — тлумачаць Еўрарадыё ў адміністрацыі беларускай чыгункі траты на фірмовы стыль.

Распрацоўку чыгуначнікі давяраюць толькі беларускім кампаніям, такія ўмовы заяўкі. Брытанскі “Інстыд”, які рабіў брэнд для Мінска, тут праляціць. Да таго ж, кампанія мусіць быць на рынку не менш за пяць гадоў.

“У нас будзе рэстайлінг, прывядзенне існуючага таварнага знака ў сучасны выгляд. Рэстайлінг праходзяць буйныя кампаніі, якія існуюць дзесяцігоддзямі. Лічу, што ў Беларусі дастаткова спецыялістаў, якім па сілах такая праца”, — дадаюць у адміністрацыі.

За 1 мільярд рублёў можна будзе распрацаваць класны брэндбук, выказваецца кіраўнік праекта marketing.by Сяргей Скараход:

“Сума адэкватная, можна зрабіць добрую рэч. Звычайна дзяржаўныя кампаніі просяць рабіць такія рэчы за капейкі, таму ніхто не бярэцца, а тут усё нармальна”, — тлумачыць спецыяліст.

І выказвае здагадку, што брэндбук для чыгункі — да Чэмпіянату свету па хакеі.

“Лічу, што гэта трэба. Гэта рэчы, звязаныя з успрыняццем нашай краіны. Бо людзі сустракаюцца найперш з вакзалам, з цягнікамі, з гэтага складаецца першае ўражанне. Мяркую, што гэта робіцца да чэмпіянату, калі будзе прыток аматараў. Яны зрабілі сабе добры, дарагі сайт. Вось, цяпер развіваюцца далей”, — расказвае Сяргей Скараход.

Нагадаем, раней стварэннем брэнда займаўся Мінгарвыканкам. Тады брытанская кампанія “Instid” узялася распрацоўваць брэнд сталіцы за 30 тысяч долараў. Чыгунка аказалася больш шчодрай, на брэндбук гатовыя выдзеліць утрая болей, чым улады Мінска. А грошы бяруць з “уласных сродкаў”, вынікае з тэксту заяўкі на закупку паслуг.

Таксама сваім брэндам займаўся Нацбанк і распрацаваў дызайн у стылі “спелай вішні”. Што праўда, наконт кошту брэндбука галоўны банк краіны так і не прызнаўся. А вось Беларусбанк аддаваў за свой брэнд 31 мільён рублёў.

Заяўкака з сайту дзяржзакупак

Фота: zn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі