“Беларускае пытанне” стала балючым для Грыбаўскайтэ на выбарах

У фінал прэзідэнцкіх выбараў у Літве, якія пройдуць 25 траўня, выйшлі дзеючы кіраўнік краіны Даля Грыбаўскайтэ і еўрадэпутат Зігмантас Балчыціс. Ці пазначанае “беларускае пытанне” ў выбарчых праграмах кандыдатаў у прэзідэнты?

Па словах палітолага, прафесара Ковенскага ўніверсітэта Вітаўта Вялікага Гінтаўтаса Мажэйкіса, асобным пунктам “беларускае пытанне” не згадваецца ў выбарчых праграмах ніводнага з кандыдатаў на пасаду прэзідэнта. Але менавіта яно стала даволі балючым для Далі Грыбаўскайтэ падчас дэбатаў.

Гінтаўтас Мажэйкіс: “Апаненты ўвесь час крытыкавалі Далю Грыбаўскайтэ за тое, што яна свой першы візіт (на пасадзе прэзідэнта, — Еўрарадыё) здзейсніла ў Беларусь, а потым запрасіла Лукашэнку ў Літву. І яна ўвесь час вымушаная была тлумачыць, што гэта ўсё здарылася да мінскіх рэпрэсій, да выбараў 2010 года. І таму, маўляў, усё было зроблена легальна і ў стылі добрасуседства”.

                                          Даля Грыбаўскайтэ

Прычым, даставалася кандыдату ў прэзідэнты Грыбаўскайтэ ад апанентаў і за беларускую апазіцыю.

Гінтаўтас Мажэйкіс: “Не менш апаненты крытыкавалі яе і за “здачу” Бяляцкага. І што стаўленне да беларускай апазіцыі ў яе працяглы час было нявызначаным”.

Праўда, усе кандыдаты, хто выказваў такую крытыку ў бок Грыбаўскайтэ, не прайшлі ў другі тур. Застаўся Зігмантас Балчыціс, які і свайго апанента па “беларускім пытанні” не крытыкаваў, і сам ніякай пазіцыі па беларускім накірунку не праявіў, кажа Мажэйкіс.

Гінтаўтас Мажэйкіс: “Яго прынцып паводзінаў — згладжванне вострых кутоў, зняцце розных напружанняў. Гэта азначае, што ён не будзе змагаром за правы дысідэнтаў, але з іншага боку, наўрад ці ён будзе падтрымліваць відавочныя дачыненні з рэжымам Лукашэнкі”.

Які ж з кандыдатаў больш прывабны для Беларусі? Па вялікім рахунку, разважае палітолаг Віленскага ўніверсітэта Віціс Юрконіс, ад меркавання аднаго чалавека ў такім важным пытанні не можа залежаць усё.

Віціс Юрконіс: “Калі пытанне ставіць так: ці будзе змяняцца знешняя палітыка Літвы ў залежнасці ад таго, хто будзе, Балчыціс ці Грыбаўскайтэ, то, напэўна, — не. Можа быць, зменіцца рыторыка, але ўсе разумеюць, што сітуацыя не будзе змяняцца, бо Грыбаўскайтэ, напэўна, у другім туры пераможа”.

                                        Зігмантас Балчыціс

І для дэмакратычнай Беларусі лепш, дадае суразмоўца Еўрарадыё, калі Грыбаўскайтэ застанецца на сваёй пасадзе. Маўляў, у яе каманда больш вопытная і кантактаў у дэмакратычным асяродку ў іх шмат. А Бальчыціс хоць і еўрадэпутат, але займаўся фінансамі, а не знешняй палітыкай і амаль нічога не ведае пра сітуацыю ў нашай краіне.

Фактычна не сумняваецца ў перамозе Далі Грыбаўскайтэ і Гінтаўтас Мажэйкіс. А ўсё таму, што гэтым разам Літва абірае не толькі прэзідэнта, але і рашучага галоўнакамандуючага. Да гэтага прымушаюць паводзіны Расіі ва Украіне.

Гінтаўтас Мажэйкіс: “Выбары адбываюцца на фоне ярка выражанай апазіцыі Грыбаўскайтэ ў дачыненні да Расіі на фоне Майдана і ўкраінскіх падзей. Яна выйграе галасы за кошт падтрымкі Украіны і рэзкай крытыкі Пуціна”.

Па шчырасці, дзеляцца назіраннямі з Еўрарадыё літоўскія палітолагі, Зігмантас Балчыціс выглядае і праводзіць сваю перадвыбарчую кампанію так, нібыта асабліва і не імкнецца перамагчы. Такое ўражанне, прызнае Гінтаўтас Мажэйкіс, што Балчыціс прыняў ролю “тэхнічнага” кандыдата, задача якога — падыграць свайму апаненту.

Фота: ru.delfi.lt

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі