Беларуска-ўкраінская “гандлёвая вайна”: Хто страціць больш?

“Па-першае, адразу адзначу, што любыя гандлёвыя войны паміж краінамі негатыўна адбіваюцца на іх грамадзянах. Яны пазбаўляюцца магчымасці выбіраць тавары, якія завозяцца з Беларусі, Украіны, іншых краін”, — мяркуе эканаміст “Ліберальнага клуба” Антон Болтачка.

Цяжка не пагадзіцца — у траўні Беларусь уводзіць абмежаванні на экспарт украінскага піва і кандытарскіх вырабаў. У выніку на паліцах крамаў згаданай прадукцыі становіцца заўважна менш. Гандляваць “Абалонню” альбо цукеркамі фабрыкі “Рашэн” робіцца ўсё менш выгадна.

Адказу Кіева чакаем крыху больш за два месяцы — 16 ліпеня прыходзіць афіцыйнае паведамленне ўкраінскага ўрада: “Украіна ў адказ на дыскрымінацыйныя недружалюбныя дзеянні з боку Рэспублікі Беларусь у дачыненні да ўкраінскіх вытворцаў напояў і прадуктаў харчавання ўвяла спецыяльныя пошліны на пастаўку электрычных лямпаў напальвання, угнаенняў, халадзільнікаў і шын з Беларусі”.

Памер згаданых “спецыяльных” пошлін — 50-60% мытнага кошту ў залежнасці ад віду прадукцыі. Катастрофа для танных беларускіх тавараў.

У мінулым годзе Беларусь паставіла ва Украіну ўгнаенняў на 140 мільёнаў долараў, пакрышак — на 90, малака і малочных прадуктаў — на 17, лядоўняў і адпаведнага абсталявання — на 53 мільёны долараў. Украіна ў Беларусь прадала піва і цукерак агулам на 70 мільёнаў. Без калькулятара можна здагадацца, па кім больш моцна ўдарыць узаемнае ўвядзенне дадатковых пошлін на тавары.

Палітолаг і эксперт па ўкраінска-беларускіх адносінах Алег Санжарэўскі расказвае Еўрарадыё, што беларускія тавары насамрэч займаюць заўважнае месца на ўкраінскіх паліцах. У тым ліку бытавая тэхніка і прадукты харчавання. І асаблівую папулярнасць яны набываюць у апошнія месяцы, калі прыбыткі ўкраінцаў значна знізіліся. Прагноз у эксперта несуцяшальны — пасля таго, як Украіна падпісала дамову аб Асацыяцыі з ЕС, а Беларусь разам з Расіяй і Казахстанам стварыла ЕАЭС, шляхі краін-суседак будуць няўмольна разыходзіцца.

“Краіны страцяць рынкі. Рыторыка, вядома, такая, што трэба за рынкі змагацца… І ва Украіне, і ў Беларусі. Але мы падпісалі Асацыяцыю з ЕС. І хоць яна пакуль не ўступіла ў сілу, усё ідзе да таго, што нашы краіны будуць страчваць рынкі адна адной”.

Пры гэтым, дарэчы, Беларусь таксама страціць нашмат больш, чым Украіна. У мінулым годзе мы прадалі ва Украіну тавараў агулам на 4 мільярды долараў. Украінскіх купілі ўсяго на 2 мільярды.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі