Беларусам сталі адмаўляць у падаўжэнні віду на жыхарства ў Албаніі — СМІ

Албанія, ілюстрацыйнае фота

Албанія, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Беларускім эмігрантам пачалі адмаўляць у падаўжэнні віду на жыхарства ў Албаніі і забараняць уеезд у краіну. Як мінімум тры беларусы пацвердзілі гэта журналістам "Салідарнасці".

Гісторыі ва ўсіх падобныя: людзі набывалі маёмасць, адкрывалі бізнес, а потым ім забаранялі ўезд у краіну.

Беларуска, якая па палітычных прычынах з'ехала ў Албанію і сутыкнулася з такой праблемай, расказала: "Мне паставілі адмову з дэпартацыяй на працягу 30 дзён і забаронай на ўезд тэрмінам на 5 год. Прычынай, па словах перакладчыка, з якім я была, стала тое, што ўрад Албаніі нібыта падазрае мяне ва ўтойванні нейкай інфармацыі ці ў падачы няправільнай інфармацыі. Дакумента з абгрунтаваннем адмовы мне, як і астатнім, каму адмаўлялі з гэтай жа прычыны, на рукі не аддалі. Рашэнне на працягу 14 дзён можна абскардзіць у судзе".

Але суды, па яе словах, не выйсце. Знаёмыя беларусы, кажа жанчына, судзяцца за адмову, якую яны атрымалі ў лістападзе 2022 года. Яны ўжо заплацілі за судовыя выдаткі каля 10 тысяч еўра, а рашэнне так і не вынесенае.

Па словах беларускі, яна ведае беларусаў, якія пражылі ў Албаніі пяць гадоў і падавалі заяву на пастаяннае месца жыхарства. Але ім прыйшла адмова і рашэнне пра дэпартацыю.

Наша суайчынніца кажа, што адмаўляць беларусам і расіянам пачалі крыху больш за год таму, прычым ніякіх папярэджанняў на гэты конт не было. Няцяжка пабачыць, што гэтыя адмовы пачаліся пасля таго, як Расія пачала шырокамаштабную агрэсію супраць Украіны. Улады Беларусі падтрымалі Маскву.

Беларуска дадае, што албанскія чыноўнікі маюць цьмянае ўяўленне пра нашу краіну і падзеі апошніх трох гадоў, таму не разумеюць расповедаў пра палітычны пераслед.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі