Беларусам не заплацілі за ўдзел у замежнай выставе. Разбіраемся, хто вінаваты

Ці варта працаваць за сумленнае слова?

Ці варта працаваць за сумленнае слова? / @rubanau_collage

Ці траплялі вы ў падобную сітуацыю: прыходзіць прапанова на працу па профілю, на словах абяцаюць за ўдзел грошы — і марудзяць з аплатай, калі яна ўжо цалкам зробленая? Спачатку месяц, потым два, затым паўгода і год. Менавіта ў такую непрыемную, але распаўсюджаную сярод эмігрантаў гісторыю трапілі фатографы Яўген Атцэцкі і Яўген Ярчак з мінулагодняй латвійскай выставай.

Еўрарадыё паразмаўляла з фотамастакамі, арганізатарамі падзеі і юрыстам, які даў парады, што рабіць у такой сітуацыі.

Праца без ганарара

Акалічнасці справы фатографы расказалі на мінулым тыдні ў Фэйсбуку. Перакажам сцісла, як развіваліся падзеі.

У сакавіку 2023 года ў Юрмале прайшла выстава "KREATĪVĀ REVOLŪCIJA. MINSKA 2020" (“Крэатыўная рэвалюцыя. Мінск 2020”). Яна была прымеркаваная да свята 105-годдзя БНР, а галоўным фокусам сталі падзеі ў Беларусі 2020 года. Як пішуць суразмоўцы, задача ў яе была асветніцкая — распавесці латвійцам пра беларускі кантэкст. 

Беларусам не заплацілі за ўдзел у замежнай выставе. Разбіраемся, хто вінаваты
Афіша выставы / Mākslas stacija Dubulti Art Station Dubulti

У выставе, акрамя Атцэцкага і Ярчака, удзельнічалі керамістка Ганна Мядзведзева, дызайнер Уладзімір Цэслер і шмат іншых беларускіх артыстаў, дапамагаў тэлеканал “Белсат”. Запрашаў мастакоў да ўдзелу дызайнер Дзяніс Давыдаў (у сеціве ён выкарыстоўвае нікнейм Vej Vetryk), які эміграваў з сям’ёй з Беларусі ў Латвію. Ён жа выступіў сукуратарам выставы. Як і Інга Штэмайне, дырэктарка арт-цэнтра “Дубулты”, дзе выстаўляліся працы.

Па словах фатографаў, акрамя дэманстрацыі прац, у вуснай форме арганізатары абяцалі невялікія ганарары ў памеры 180 еўра. Дамовы аб супрацы не афармаляліся, бо на гэта нібыта не хапала часу. І ўсё трымалася на слове гонару.

Прыкладна тое ж самае Еўрарадыё расказаў і Яўген Ярчак. Давыдаў таксама яму абяцае заплаціць, але без усялякай канкрэтыкі. 

“Я не ведаю, у чым справа — ці нас з Яўгенам (і, думаю, іншых удзельнікаў выставы) Давыдаў проста кінуў, ці сапраўды сітуацыя ад яго не залежыць, і ён праблему спрабуе неяк вырашыць, проста пакуль не атрымліваецца. Не буду рабіць нейкіх высноў ды абвінавачванняў, адзначу толькі, што ад камунікацыі са мной ён не сыходзіць і разлічыцца абяцае”.

Беларусам не заплацілі за ўдзел у замежнай выставе. Разбіраемся, хто вінаваты
Фота з выставы "Крэатыўная рэвалюцыя. Мінск 2020" / Mākslas stacija Dubulti Art Station Dubulti

“Наша галерэя плаціць мастакам толькі тады, калі яны ладзяць мерапрыемствы <...> Калі мы пачыналі супрацоўнічаць з Дзянісам Давыдавым, мой мэсідж быў ясны  мы можам выдаткаваць на гэтую выставу 12 тысяч еўра. Вытворчасць перавысіла гэтую лічбу і склала 18 тысяч. Я змяніла гадавы бюджэт на карысць гэтай выставы. <...> Істотны момант — фатографы не дасылалі працы, усе яны былі падрыхтаваныя і надрукаваныя галерэяй. Другі аспект — увесь змест выставы, як фатаграфіі, так і шырокія тэксты быў створаны галерэяй і Дзянісам, а не падрыхтаваны ўдзельнікамі. <...> Мы некамерцыйная арт-прастора з вольным уваходам, без продажаў квіткоў.  <...> Мы вельмі маленькая ўстанова, але выдаткавалі бюджэт на палітычную падтрымку Беларусі”.

Дзяніс Давыдаў на пытанні адрэагаваў больш экстравагантна. Ён не стаў тлумачыць, калі і ці будзе наогул вырашана пытанне з ганарарамі, а заявіў, што не з’яўляецца менеджарам праекта.

“Як прафесіянал у гэтай сферы вы разумееце зону адказнасці кожнага [у праекце]”.

І паколькі Еўрарадыё нічога не напісала пра выставу год таму, каментаваць сітуацыю арт-менеджар не стаў.

“Таму дзякую за цікавасць праз год, але я дамовіўся даць інфармацыю ўжо іншаму выданню”.

Заключайце дамову ці звяртайцеся ў суд

Выпадак Ярчака і Атцэцкага далёка не адзіны, калі замежныя партнёры не выконвалі дамоўленасці ў супрацы з беларусамі. 

У мінулым годзе берасцейская тэатральная менеджарка Аксана Гайко расказала, як шведскі прыватны тэатр ADAS адхіліў яе ад працы сумеснага спектакля “Mama Zoya, Belarus”. Праект дапрацавалі і паказвалі без удзелу аўтаркі, якая напісала п'есу на глебе ўласнага жыцця і займалася падрыхтоўкай да пастаноўкі як рэжысёр. 

У сакавіку медыйшчыца Анастасія Пілюгіна публічна скардзілася, што арганізацыя “Публічная сфера” своечасова не выплаціла ёй абяцаны ганарар за паслугі і бізнес дзяўчыны сутыкнуўся “з касавым разрывам”. 

Нешта падобнае адбылося з сем’ямі стваральнікаў праекта “Невядомая Беларусь” тэлеканала “Настоящее время”. Кінематаграфісты загінулі вясной 2020 года, і на дапамогу іх сем’ям вырашыў сабраць грошы калега і настаўнік аўтараў са Швецыі. Але грошы дайшлі да адрасатаў па незразумелай прычыне толькі гэтай вясной, літаральна праз чатыры гады.

Еўрарадыё запытала ў юрыста, які пажадаў застацца ананімным, наколькі распаўсюджаная праблема невыканання вусных пагадненняў і як сябе можа засцерагчы ў такой сітуацыі. 

“У сваёй практыцы я няшмат сутыкаўся з такімі выпадкамі, але вырашэнне пытання на карысць фатографаў будзе цалкам залежаць, ці ёсць сведкі ці доказы (перапіска, аўдыёзапісы), якія могуць пацвердзіць згаданыя ўмовы супрацы. Але і гэта не гарантуе поспех, бо шмат што залежыць ад латвійскага заканадаўства і суда. Працэс патрабуе шмат часу і грошай, што ў дадзеным выпадку проста немэтазгодна”.

Варыянт, каб засцерагчыся ад падобных сітуацый, юрыст бачыць толькі адзін — не верыць нікому на слова і заўжды афармляць дамову. 

“Трэба настойваць на юрыдычным афармленне супрацы. Патрабаваць гэтага ад партнёра ці мець шаблон уласнай дамовы, які можна адаптаваць пад кожны выпадак. Калі з вамі адмаўляюцца працаваць у легальным рэчышчы, трэба задумацца, а ці варта ўвогуле мець справу з такім контрагентам. Калі вы пагаджаецеся працаваць без дамовы, то трымайце ў галаве, што вам папросту могуць не заплаціць. І гэта будзе цалкам імавернае развіццё падзей”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі