Беларусам, асуджаным за таблеткі ад кашлю, зменшылі пакаранне да 9 гадоў

Маскоўскі суд не задаволіў касацыйную скаргу, але зменшыў тэрмін пакарання на 5 гадоў. Цяпер адвакаты рыхтуюцца “змагацца” далей і разлічваюць на вызваленне абодвух беларусаў. Сёння ў Маскве адбыўся разгляд касацыйнай скаргі ў дачыненні да прысуду двум беларусам. Нагадаем, Аляксандра Чачурава і Сяргея Лагуна, асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі за таблеткі ад кашлю “Тусал”.

Суд адмовіў у задавальненні скаргі, але агульны тэрмін пакарання зменшыў з 14 да 9 гадоў. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў адвакат Станіслаў Маркелаў.

“Яны пакінулі без зменаў абодва артыкулы пакарання і, такім чынам, далі мне ўсе шанцы для таго, каб далей змагацца за вызваленне Чачурава і Лагуна”.

Нагадаем, абодва беларуса былі затрыманыя 7 сакавіка гэтага года ў Маскве. Іх абвінавацілі ў кантрабандзе. Аляксандр Чачураў і Сяргей Лагун займаліся гандлем медыкаментамі праз Інтэрнэт і на замову пакупнікоў з Масквы прывезлі на продаж 1 тысячу ўпаковак таблетак “Тусал”.

Гэтыя таблеткі свабодна прадаюцца ва ўсіх беларускіх аптэках, але ў Расіі залічаныя ў катэгорыю моцнадзейных псіхатропных рэчываў. Як высветлілася падчас затрымання, пакупнікамі былі аператыўнікі Дзяржнаркакантролю.

Сярод міліцыянтаў такія дзеянні называюцца “аператыўнымі мерапрыемствамі”. Маскоўскі адвакат беларускіх “наркадылераў” Станіслаў Маркелаў называе дзеянні міліцыянтаў “правакацыяй”.

Фота — as.baikal.tv

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі