Беларус знайшоў у Італіі магілу брата Ларысы Геніюш

Могілкі ў горадзе Ларэта / svaboda.org

Могілкі ў горадзе Ларэта / svaboda.org

Яраслаў Мусько, беларус з Падляшша, які працуе дарадцам групы еўрапейскіх кансерватараў і рэфарматараў Еўрапарламента, знайшоў у Італіі магілу брата беларускай паэткі Ларысы Геніюш, паведамляе Радыё Свабода. Аркадзь Міклашэвіч ваяваў супраць нацыстаў у складзе польскай арміі генерала Андэрса і загінуў 27 ліпеня 1944 года пад Монтэ-Касіна ў 21 год. Мусько чытаў пра яго ў "Споведзі" Геніюш. На яго зрабіла вялікае ўражанне тое, як яна апісала свайго малодшага брата. І ён вырашыў пашукаць магілу.

На сайце польскіх вайсковых могілак у Італіі Яраслаў Мусько высветліў, што ў невялікім горадзе Ларэта пахаваны Аркадзь Міклашэвіч (Arkadiusz Mikłaszewicz), які служыў у 12-м палку падольскіх уланаў. Месцам яго нараджэння пазначаныя Жлобаўцы, у якіх нарадзілася Ларыса Геніюш.

"Я не знайшоў іншага Аркадзя Міклашэвіча. Думаю, на 99,99% мы знайшлі магілу брата Ларысы Геніюш", — кажа Мусько.

Ларыса Геніюш (1910 — 1983) жыла ў Зэльве пасля вызвалення з сталінскіх лагероў. Геніюш была сакратаром Рады БНР, у 1948-м яе з мужам, чэшскіх грамадзян, вывезлі ў СССР, дзе асудзілі як беларускіх патрыётаў. Камуністычны рэжым не здолеў іх зламаць. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі адносіцца да Геніюш і памяці пра яе варожа. У Зэльве сёлета дэмантавалі помнік паэтцы, усталяваны каля праваслаўнай царквы. Кнігу яе выбраных твораў у РБ уключылі ў "спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў".

Беларус знайшоў у Італіі магілу брата Ларысы Геніюш
svaboda.org

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі