Беларус з "шэнгенам" можа наведаць без візы палову свету

Беларус з "шэнгенам" можа наведаць без візы палову свету

Беларус з шэнгенскай візай у пашпарце можа аб'ехаць палову свету – больш за 80 краін са 193 прызнаных. Такі бонус яму дае еўрапейская віза, бо ў дадатак да 26 краін "шэнгена" ёсць яшчэ два дзясяткі краін, якія гатовыя пусціць да сябе. А яшчэ 41 краіна пусціць, калі ў вас беларускі пашпарт.

Гэта, напрыклад, Балгарыя, Румынія, Кіпр, Харватыя, Боснія і Герцэгавіна, Албанія ды іншыя. На такі бонус звяртае ўвагу эксперт Аляксей Лявончык.

“На Балканах гэта існуе даўно. Ёсць краіны ў цэнтральнай Амерыцы. У большасці гэтых краін стандартныя правілы шэнгенскай візы, там можна знаходзіцца 90 дзён у кожным паўгоддзі”, — расказвае Аляксей.

Маючы "шэнген", беларус можа праехаць усе Балканы, наведаць Гватэмалу, Дамініканскую Рэспубліку, Коста-Рыку, Эль Сальвадор, Румынію. 

Падарожніцы Яўгеніі Манцэвіч гэты шэнгенскі бонус дапамог у падарожжы па Балканах — не давялося плаціць за візу. А ў Лацінскай Амерыцы дапамог ужо беларускі пашпарт, без візы заехалі ў Эквадор.

“Таксама беларускі пашпарт дапамог у Іране, мы ехалі з украінскім сябрам і яму віза каштавала даражэй. Праехалі ўсю Паўднёвую і Паўночную Амерыку, там, часам, не ведалі што такое Беларусь, але кантроль праходзілі нармальна. Хацелася б, каб у Лацінскай Амерыцы бязвізавых краін для нас было болей, бо для расіян там прасцей”, — выказваецца Яўгенія.

Калі з "шэнгенам" не атрымалася, застаецца яшчэ пятая частка свету, куды можна патрапіць без візы па беларускім пашпарце. Краіны: ад папулярнай цяпер Грузіі, да Малайзіі, Панамы і Нікарагуа. І будзе яшчэ болей (поўны спіс).

“Цяпер ідуць перамовы з ЕС па спрашчэнні візавага рэжыму. Ідуць перамовы па павелічэнні складу амбасады ЗША ў Беларусі, таму тут таксама магчымыя нейкія змены. Але тут важны прынцып узаемнасці, мы мусім нешта забіць для гэтага. МЗС цяпер рыхтуе дакумент, каб адмяніць візы для грамадзян шэрагу краін, якія прыязджаюць на пяць дзён да нас”, — разважае палітолаг Дзяніс Мельянцоў.

Па краінах, куды можна паехаць без візы, толькі па пашпарце, Беларусь амаль зраўнялася з ЕС. Беларус без візы можа наведаць 41 краіна, а жыхар Еўрасаюза — 26 краін "шэнгена" плюс яшчэ два дзясяткі. Хутка пачнём абганяць!?

“Ёсць краіны, якія хацелі б распаўсюдзіць на сябе дзеянне шэнгенскіх віз. Але будзе дадатковы ціск грамадства, якое непакоіцца, каб да іх не трапілі мігранты. Бо калі гэта дэмакратычная краіна, там ёсць ціск грамадства. Таму шмат аптымізму тут няма. Але ёсць аптымізм у тым, што будуць прасоўвацца перамовы Беларусі і ЕС па спрашчэнні візавага рэжыму”, — апісвае Дзяніс Мельянцоў.

Апроч бязвізавых краін для беларуса, ёсць тыя, дзе візу атрымаць вельмі проста. Напрыклад, у Іарданіі яе могуць паставіць адразу на мяжы. У Егіпце візу ставяць па прыбыцці ў аэрапорт, а ў Кеніі — праз інтэрнэт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі