Вы тут

"Беларусь убаку не застанецца" — Лукашэнка пра магчымую "вайнушку ў Данбасе"

Аляксандр Лукашэнка / БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка ў панядзелак загаварыў пра магчымы ўдзел Беларусі ў вайне. З ягоных слоў, Беларусь убаку не застанецца, калі заходнія краіны "зноў развяжуць вайнушку ў Данбасе ці дзесьці на мяжы з Расіяй".

"І ясна, на чыім баку будзе Беларусь", цытуе Лукашэнку агенцтва БЕЛТА. У панядзелак кіраўнік дзяржавы прыехаў у Цэнтр стратэгічнага ўпраўлення Міністэрства абароны, каб правесці нараду па пытаннях ваеннай бяспекі

Лукашэнка яшчэ выказаў ідэю, што заходнія краіны арганізавалі міграцыйны крызіс, каб адцягнуць увагу беларускага войска ў выпадку канфлікту з Расіяй.

"Яны выдатна разумеюць: калі толькі Украіна паспрабуе развязаць канфлікт з Расіяй, убаку Беларусь не застанецца, таму беларускае войска трэба стрымліваць, напружваць на заходніх рубяжах (Латвія, Літва, Польшча) і на поўдні — узмацненнем украінскай мяжы", — заявіў Лукашэнка.

Нагадаем, міграцыйны крызіс узнік сёлета, пасля таго, калі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь больш не будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў. Адначасова ў Мінск паляцелі самалёты з краін Блізкага Усходу, візы турыстам часам выдавалі проста ў мінскім аэрапорце. Пасля шэрагу расследаванняў, зносін з турыстамі-мігрантамі ў ЕС прыйшлі да высновы, што за арганізацыяй незаконнай міграцыі стаяць беларускія ўлады. У цяперашні час на беларуска-полькай мяжы знаходзіцца каля тысячы мігрантаў, якія разлічваюць праз Польшчу трапіць у Германію. ЕС настойвае на вяртанні мігрантаў дадому.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.