Беларус-стралок з Гдыні: Мае дзеянні паспрыялі захаванню публічнага парадку

Беларус-стралок з Гдыні: Мае дзеянні паспрыялі захаванню публічнага парадку

30-гадовы грамадзянін Беларусі Сцяпан Свідзерскі, які затрымліваўся пасля стральбы ў офісным памяшканні ў Гдыні, у пятніцу выйшаў на волю. У размове з Еўрарадыё ён распавёў, што быў вызвалены без ніякіх умоў.

Свідзерскі: “Я вызвалены без аніякіх умоваў. У мяне нават няма падпіскі аб нявыездзе. У мяне няма так званага дагляду паліцэйскага. Суд вырашыў мяне выпусціць без умоў, пад абавязак удзельнічаць у далейшых следчых дзеяннях”.

Як вядома, здарэнне ў Гдыні ў офісе Thomson Reuters адбылося ўвечары 14 лістапада. Там адбылася стральба, быў затрыманы Сцяпан Свідзерскі. Высветлілася, што ён займаецца стральбой, удзельнічае ў спаборніцтвах, мае дазвол на зброю (вінтоўку і пісталеты). Па адной з версій, ён прыехаў на працу з трэніроўкі, таму меў з сабой зброю. Хтосьці падумаў, што ў офіс прыйшоў узброены зламыснік і паспрабаваў яго затрымаць. У сутычцы і адбыліся стрэлы. Свідзерскага вінавацяць у замаху на забойства. Пра падрабязнасці гучнай справы беларус гаварыць не можа.

Свідзерскі: “На жаль, не магу нічога сказаць. Ёсць такая справа, як таямніца следства. Я даў вельмі падрабязныя каментары ў пракуратуры, вельмі падрабязныя каментары ў судзе. Але, на жаль, не магу даць такіх падрабязных каментароў у прэсе”.

Беларус кажа, што не лічыць сябе вінаватым. “Мала таго, лічу, што паступіў вельмі правільным спосабам і мае дзеянні паспрыялі захаванню публічнага парадку”, — заявіў Свідзерскі ў каментары Еўрарадыё.

Беларус адзначыў, што працягваецца следства, экспертызы, допыты сведкаў, праверка дакументаў.

Многія звярнулі ўвагу на здымкі ў польскіх СМІ. На іх відаць, што ў Сцяпана Свідзерскага пашкоджана вока. “Што з вокам? Магчыма, ад перападу ціску ў мяне лопнуў у воку сасуд. Гэта не тое, на што варта звяртаць увагу”, — сказаў беларус.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі