Беларусь не рэкамендуе замежным авіяперавозчыкам лятаць над Украінай

Беларусь не рэкамендуе замежным авіяперавозчыкам лятаць над Украінай

Беларускія авіяцыйныя ўлады пакрыўдзіліся за рашэнне Украіны закрыць сваё неба для беларускіх авіякампаніяў. Дэпартамент па авіяцыі беларускага Мінтранса заявіў, што гэтае рашэнне парушае Чыкагскую канвенцыю аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі 1944 года і пагадненні паміж урадамі Беларусі і Украіны аб паветраных зносінах 1995 года. 

"Дадзенае абмежаванне, якое наносіць шкоду беларускай авіякампаніі "Белавія" і асобам, якія карыстаюцца яе паслугамі, было ўведзена без папярэдніх перамоваў для ўрэгулявання магчымых рознагалоссяў, што таксама з'яўляецца парушэннем Украінай сваіх міжнародна-прававых абавязацельстваў у дачыненні да Беларусі", — гаворыцца ў заяве ведамства.

Беларускі бок прыгадаў пра авіякатастрофы ва Украіне. У 2001 годзе падчас вайсковых вучэнняў быў збіты самалёт авіякампаніі "Сібір", у 2014-м пад Данецкам быў збіты пасажырскі авіялайнер Malaysia Airlines. А 2016-м Украіна пагражала ўжыць вайсковую сілу супраць самалёта "Белавія".

"З улікам гэтых інцыдэнтаў узнікаюць сумневы ў дастатковасці забеспячэння Украінай бяспекі палётаў і авіяцыйнай бяспекі, а таксама ў яе аб'ектыўнасці і непалітызаванасці ў ацэнках у дачыненні да Беларусі. У сувязі з гэтым авіяцыйныя ўлады Беларусі не рэкамендуюць замежным авіяперавозчыкам выкарыстоўваць паветраную прастору Украіны", — заяўляюць беларускія авіяцыйныя ўлады. 

Беларусь плануе звярнуцца ў Савет ІКАО са скаргай на дзеянні Украіны ды іншых дзяржаў, якія забаранілі беларускім авіякампаніям карыстацца сваёй паветранай прасторай. 

Гэтыя меры былі прынятыя пасля таго, як 23 траўня ў Беларусі быў прымусова пасаджаны пад канвоем ваеннай авіяцыі самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню. З яго борта былі знятыя блогер Раман Пратасевіч і яго дзяўчына Сафія Сапега, якіх узялі пад варту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі