Беларусь можа абмяняць 10 слуцкіх паясоў на адну карціну Шышкіна

На сустрэчы са студэнтамі Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова Аляксандр Лукашэнка гаворыць пра вяртанне ў Беларусь слуцкіх паясоў, якія цяпер знаходзяцца ў фондах расійскіх музеяў.

"Перамовы ідуць цяжка. Думаю, пытанні мы вырашым, і будзе прыклад вяртання гэтых каштоўнасцяў", — цытуе БЕЛТА словы кіраўніка краіны.

Паясы можна абмяняць на карціны Шышкіна, адразу прапануюць у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, куды паясы ўжо прывозілі, але толькі на выставу.

“Умоўна, мы аддаём адну карціну Шышкіна, яны нам — дзесяць слуцкіх паясоў. У нас 13 такіх карцін. Але гэта не прапісана ў заканадаўстве — ні ў нашым, ні ў расійскім. Такое рашэнне можа прымацца толькі на самым высокім узроўні”, — гавораць у музеі.

Адна карціна Шышкіна зараз каштуе каля мільёну еўра, а слуцкі пояс — 80 тысяч долараў, прыводзяць кошты ў музеі.

Але ў Гістарычным музеі Расіі ад паясоў адмаўляцца не хочуць: іх падарылі Маскве яшчэ да рэвалюцыі.

“Тут ёсць праблема. Нашая калекцыя была створаная ў XIX стагоддзі нашым калекцыянерам Пятром Шчукіным, і яна яшчэ да 1905 году была пакінутая ў спадчыну Маскве. А горад ужо перадаў калекцыю ў гістарычны музей, і яна не падлягае раз’яднанню. Але мы ніколі не адмаўляліся супрацоўнічаць, рабілі выставы ў беларускіх музеях”, — тлумачаць у гістарычным музеі Расіі.

Агулам у калекцыі каля 30 аб’ектаў: слуцкія паясы цалкам і асобныя іх фрагменты.

Беларусь не мае права прэтэндаваць на гэтыя паясы, мяркуе доктар філалагічных навук, публіцыст Адам Мальдзіс:

“Раней жа была агульная дзяржава, мы не маем права на гэта. Тое, што ў нас ёсць, тое і ёсць. Мы не можам на гэта прэтэндаваць толькі таму, што гэтыя паясы былі зробленыя ў Слуцку, юрыдычна не маем”, — даводзіць навукоўца.

На яго думку, вяртанне паясоў — гэта дробна: трэба вяртаць усе скарбы, што былі вывезеныя ў Расію на пачатку вайны.

“Трэба, каб на Беларусь вярнулі ўсё тое, што было вывезена на пачатку Другой сусветнай вайны з Магілёва. Трэба шырока ставіць пытанне. Той жа крыж Ефрасінні Полацкай трэба шукаць”, — дадае Адам Мальдзіс.

Як падлічвае Еўрарадыё, на сёння ў Беларусі захаваліся пяць сапраўдных, поўных слуцкіх паясоў. Таксама ёсць пяць паясоў слуцкага тыпу, якія вырабленыя не ў Беларусі. А таксама 30 фрагментаў слуцкіх паясоў. Колькі іх у прыватных калекцыях — невядома.

На фота - слуцкі пояс з музея старажытнай гісторыі Акадэміі навук

Фота - Еўрарадыё

Эратычная фотасесія са слуцкім поясам — фота!

Чаму нашыя слуцкія паясы зачыненыя ў музейных сейфах? (Фота)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі