Копіі Слуцкіх паясоў ужо прадаюць у Мінску па 60 мільёнаў (фота)

У мінскай краме “Кірмаш” на праспекце Незалежнасці ў продажы з’явілася копія Слуцкага пояса, зробленая на слуцкай фабрыцы. Каштуе ён 60 мільёнаў рублёў. Яшчэ некалькі мільёнаў каштуе каробка для пояса.

На самой фабрыцы ў Слуцку такі пояс будзе каштаваць значна танней. На прадпрыемстве прапануюць шмат варыянтаў.

"У залежнасці ад таго, якую суму вы маеце, мы можам прапанаваць розныя варыянты".

Сёння на прадпрыемстве ёсць некалькі відаў паясоў на продаж. Можна таксама зрабіць на замову розныя варыянты, напрыклад, пано з фрагментам пояса. Гэта значна танней, каля 500 тысяч.

"Кошт залежыць ад памеру і ад складу. Бывае ізаметавая нітка, гэта нітка з шоўкам, можа быць са срэбранай і залатой ніткай. Калі паўнавартасны вялікі пояс у 3,5 метра, то залаты будзе каштаваць — 70 мільёнаў, срэбраны — 40 мільёнаў, а ізаметавы — 35 мільёнаў. Гэта можа быць танней, калі даўжыня будзе 2 метры, то ізаметавы будзе недзе 20 мільёнаў".

Дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры Барыс Лазука, кажа, што слуцкая фабрыка не мела права выстаўляць у продаж гэты пояс. Ёсць толькі адзіны на сёння зацверджаны пояс, які можа вырабляць фабрыка. Такі падаравалі кіраўніку краіны.

"Фабрыка не мела права прадаваць, бо яны не зацверджаныя. Чорна-чырвоны пояс, які падаравалі прэзідэнту, нам пашанцавала, што ён захаваў практычна свае колеры. Гэта адзіны пояс зацверджаны саветам, і яны маюць права выпускаць толькі гэты пояс. Выконваецца копія пояса, і яна падобная на гістарычны арыгінал. Тое, што вы бачылі, гэта варыяцыя пояса, які ёсць у нас у музеі, але ён паліняў, і яны гэты палінялы паўтарылі".

Праблема ў тым, што друкуюцца паясы, якія не могуць лічыцца копіямі, бо колеры арыгіналаў за часы змяніліся, і над кожным варыянтам мусяць працаваць эксперты, тлумачыць дырэктар музея. Інакш лічыць пояс дакладнай копіяй нельга. А ці варта нам за дзяржаўныя грошы капіраваць палінялыя паясы з плямамі і іншымі дэфектамі?

"Яны спрабавалі ўзяць карцінку пояса з альбома, і Віцебскі тэхналагічны ўніверсітэт па гэтай карцінцы, змененай дызайнерам, які апрацоўваў, можа, арыгіналы, а, можа, бог ведае што... Яны ўжо гэта паўтарылі, і Тарасава (дырэктар фабрыкі) прынесла нам узоры. Я кажу: “Немагчыма, ні ў якія межы не лезе, калі па фотаздымку робіцца копія слуцкага пояса. І мы паўтараем пояс, які належыць іншай дзяржаве. Давайце мы пакуль будзем карыстацца тымі паясамі, якія ёсць у Беларусі. Трэба адкласці нашу эйфарыю, што нам удалося зрабіць копіі. Нам трэба з навуковай пазіцыі падыходзіць, падбіраць узоры, мы павінны кіравацца заключэннямі дызайнераў, разглядаць мастацкія якасці, так, як робіцца з кожным мастацкім помнікам".

У адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай створаны навуковы савет, які узначальвае член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Лакотка. У савет уваходзяць 4 дактары навук, 2 кандыдаты навук, рэстаўратары, супрацоўнікі музеяў. Яны мусяць адбіраць паясы, якія можна капіраваць.

"Трэба мастакам рабіць эскізы, прадстаўляць іх на савет, так, як робіцца з любым творам мастацтва. А тут вольніца", — кажа Барыс Лазука.

На паліцах у асартыментным кабінеце слуцкай фабрыкі, па яго словах, вісяць тыя паясы, якія савет забракаваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі