Беларусь і Расія пачалі сумесныя расследаванні спраў аб тэлефонным махлярстве
![Колькасць тэлефонных махлярстваў не зніжаецца, ілюстрацыйнае фота](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-09/phone_20_08.jpg.webp?itok=Jv_lNRol)
Колькасць тэлефонных махлярстваў не зніжаецца, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Эксперты з Беларусі і Расіі вядуць цяпер тры двухбаковыя расследаванні датычна груповак тэлефонных махляроў. У рамках гэтых расследаванняў завялі 1,3 тысячы крымінальныя спраў, піша "Коммерсант".
Выданне нагадвае, што пра сумесную працу ў гэтым кірунку бакі дамовіліся сёлета ў красавіку. Следчыя атрымалі магчымасць хутчэй абменьвацца інфармацыяй, а сілавікі — ладзіць сумесныя аперацыі па затрыманні. Але гучных вынікаў пакуль няма. Пакуль ідзе гаворка "пра расследаванне дзейнасці буйных скам-груп (від махлярства, пры якім ахвяру ўводзяць у зман і вымушаюць раскрыць звесткі або перавесці грошы)", — цытуе выданне прадстаўніка беларускага Следчага камітэта Сяргея Гамко.
Адзначаецца таксама, што гэтыя рускамоўныя махлярскія групы часцей за ўсё з'яўляюцца інтэрнацыянальнымі, у іх задзейнічаныя грамадзяне з розных краін-рэспублік былога СССР. Ахвяры махляроў ёсць як у Беларусі, так і ў Расіі. Пры гэтым у 2023 годзе, кажуць спецыялісты, "не відаць зніжэння аб'ёмаў самога махлярства".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.