Беларусь хоча прыняць чэмпіянат свету па хакеі 2022 года
Беларусь хоча прыняць чэмпіянат свету па хакеі 2022 года. Гэтая ідэя ўхваленая Федэрацыяй хакея і неўзабаве будзе складзеная адпаведная заяўка. Пытанне аб магчымым правядзенні ў Мінску сусветнага першынства абмяркоўвалася на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі па развіцці хакею ў Беларусі, інфармуе тэлеканал АНТ.
Нарада прайшла 24 лістапада і на ёй кіраўнік краіны выказаў незадаволенасць сітуацыяй у айчынным хакейным спорце. Лукашэнка паабяцаў бліжэйшым часам зрабіць “самыя радыкальныя захады”, калі сітуацыя не зменіцца да лепшага. У прыватнасці, ён не задаволены працай міністра спорту і турызму, памочніка па спорце, кіраўніка Федэрацыі хакею Беларусі.
У 2014 годзе ў Мінску прайшоў чэмпіянат свету па хакеі, на якім зборная нашай краіны заняла 7 месца.
Адзначым, што калі заяўка Беларусі на правядзенне першынства 2022 года будзе задаволеная, то спаборніцтвы адбудуцца ўжо пасля наступных прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць у 2020 годзе.