Беларус Глушанкоў, які будуе лабірынты

На Новы год на цуд натрапіць не складана. З рознымі людзьмі здараюцца розныя цуды, але з некаторымі – такія, пра якія надзвычай цікава распавядаць і слухаць. Для Канстанціна Глушанкова цудам сталі веды пра лабірынты. Цяпер ён марыць стварыць у Беларусі сад лабірынтаў. - Раптам аказалася для мяне дзіўным, што тое, што мне распавядалі пра лабірынты ў школе, тое, што я ведаў, што чытаў, аказалася абсалютна не так. Аказваецца, лабірынт – гэта тое, у чым заблукаць нельга.
- Як гэтыя веды вас знайшлі?
- Я быў на славянскім вечы, якое праводзілася пад Стоўбцамі. І там людзі, якія ўмеюць рабіць лабірынты, выклалі два лабірынты проста галінкамі і травой. Мне прапанавалі прайсці па іх, я прайшоў. Уявіце, вы ідзяце проста па сцежцы, яна ўецца. Дыяметр гэтага лабірынта метраў дванаццаць. І раптам з вамі нешта адбываецца. Ты проста ідзеш. А ў целе адбываецца нешта такое цудоўнае, інакш не скажаш. Гэта “зачапіла”. У мяне ёсць падрыхтоўка па целаарыентаванай тэрапіі, па псіхалогіі, то бок я такія рэчы ўмею: адчуваць прастору, энергію. Дык вось, там яно ёсць! А потым раптам высвятляецца, што ўсе гэтыя легенды нічога агульнага з рэальнасцю не маюць. З’яўляюцца іншыя веды – пра тое, што лабірынт з’явіўся недзе за тры тысячы гадоў да нашай эры. На месцах “збору” лабірынтаў потым з’яўляюцца кляштары. То бок гэта самыя старажытныя сакральныя такія рэчы. Гэта звязана з чалавечай духоўнасцю. Кажуць, што атланты, якія выратаваліся, з дапамогай лабірынтаў ўзнаўлялі свае веды і ўменне мець зносіны з прыродай. Лабірынт, які, напрыклад, будавалі каля мора, будавалі, каб павысіць ўловы. Але як? Яны з морам дамаўляліся. Вось памятаеце біблейскую гісторыю пра тое, як Ісус сказаў закінуць сеткі ў Віфлеемскае мора, і сеткі прыйшлі поўнымі. Рыбакі цэлы дзень лавілі, а потым ім паказалі, дзе будзе багаты ўлоў. Дык вось гэта з тых цудаў.
- Але лабірынт – гэта рукатворная сістэма?
- Так.
- А месца? Нейкае энергетычна моцнае месца выбіраюць адмыслова для лабірынта, ці наадварот: дзе будуюць лабірынт, там узнікае сіла?
- Тут ёсць і тое, і тое. Канешне, месца для лабірынта выбіраюць. Яно мусіць падабацца. Калі выбіраеш цэнтральную кропку лабірынта, мяркуеш, з якімі энергіямі гэта будзе звязана. Натуральна, лабірынты, пабудаваныя ў гарах і каля ракі, будуць рознымі. З лабірынтамі яшчэ вось што цікава. Уяўляеце: два аднолькавыя лабірынты, знаходзяцца на адлегласці 10-20 метраў адзін ад аднаго. Ідзеш па адным, і ў ім хочацца танцаваць. Ногі самі прыплясваюць, проста так. Думаеш: чаго гэта? То бок мазгі здзіўляюцца, а цела робіць…
- Гэта менавіта калі ідзеш па гэтых сцежках? Ці калі проста знаходзішся ў прасторы лабірынта?
- Калі ідзеш па сцежках. Калі не ведаеш пра лабірынт, а проста знаходзішся там, то не звяжаш гэты эфект з лабірынтам. Калі вы ідзяцё па лабірынце, то адчуваеце самі, што з вамі нешта адбываецца. Я вадзіў у лабірынты нават тых людзей, якія ніколі ні ў што і ні пад якім выглядам не вераць і ставяцца да гэтага надзвычай скептычна. Яны кажуць: “Косця, ты нешта мне тут зусім незразумелае расказваеш, такога быць не можа, я спецыяльна прайду па лабірынце, каб даказаць, што са мной нічога ніколі адбывацца не можа. З-за таго, што я прайду па лабірынце, нічога не адбудзецца…” Ён выходзіць і маўчыць недзе з паўгадзіны, з гадзіну. Яму стараешся не перашкаджаць, бо бачна, што з чалавекам нешта адбылося. Для яго гэта шок. Ён чакаў, што з ім нічога ніколі. Я пытаю: “Ну што?” Ён кажа: “Разумееш. Здаецца, нічога. Але я іду лабірынт і пачынаю адчуваць пах. Тонкі прыемны водар…” Я кажу: “Гэта чабор”. – “Не. Разумееш, я яго адчуваю не носам. Я яго проста адчуваю ўнутры”.
- Гэта, па-вашаму, настолькі моцная рэч, што любы сучасны чалавек, які, можа быць, не вельмі ўспрымальны ўжо да такіх рэчаў, нацэлены на нешта іншае, усё роўна нешта адчуе, з ім нешта адбудзецца?
- У мяне няма такой статыстыкі. З тымі, каго я ведаю, каго вадзіў туды, адбываецца. Вы зразумейце: для таго, каб прайсці па лабірынце, людзі едуць на Заяцкую выспу ў Салавецкі архіпелаг. Цяпер лабірынты вельмі актыўна будуюць у Заходняй Еўропе і Амерыцы. Дзе? У хоспісах, напрыклад. На дзіцячых пляцоўках, у школах. Яны кажуць, што гэта вельмі добрае тэрапеўтычнае ўздзеянне. У школах… узровень злачыыннасці падае.
- А ці можа лабірынт нашкодзіць? Напрыклад, калі лабірынт аднаго тыпу пабудаваць у месцы іншага тыпу? Ці ён проста не будзе дзейнічаць?
- Ведаеце, ніколі не задаваўся гэтым пытаннем. Але… можа. Думаю, зносіны з лабірынтам могуць пайсці ў шкоду. Але з пункту погляду не чалавека, які ходзіць па лабірынце, а з пункту погляду яго навакольных людзей. У мяне такое ўражанне, што чалавек, які мае дачыненні да лабірынта, перастае быць статкавым. А для гаспадара статку гэта можа быць дрэнна.
- А што на месцы старажытных лабірынтаў цяпер?
- У сярэднія вякі лабірынты з’яўляюцца ў храмах. Была вельмі сур’ёзная практыка будаўніцтва цэркваў, сабораў на месцы старажытных святых месцаў. Вельмі можа быць, што нейкія цэрквы былі пабудаваныя там, дзе раней быў лабірынт. Самай выбітнай пабудовай Егіпта быў лабірынт (па сведчанні Герадота). Гэта было збудаванне, на якое пайшло грошай і працы больш, чым на будоўлю пірамід. Гэта гісторыя Герадота. Праўда аб лабірынце неяк вельмі цікава схаваная. Пра лабірынты гавораць, іх робяць. Але вось першакрыніцу недзе хаваюць. Навошта, чаму? Будзем лічыць, што я не ведаю.
- Вы кажаце, на лабірынт затрацілі больш сродкаў, чам на піраміды. І ў той жа час распавядаеце пра лабірынты, выкладзеныя галінкамі і травінкамі. І яны абодва дзейнічаюць, так?
- Так.
- Чаму?
- А я не ведаю, чаму. Не ведаю, чаму ён дзейнічае. Справа ў тым, што пачатак пабудовы лабірынта, Стоўнхэнджа, пірамід - аднолькавы. То бок яны паходзяць з аднаго зярнятка. З гэтага зярнятка з’яўляецца або такое збудаванне, або гэткае. А вось пачатковая пабудова ў іх аднолькавая. Яны пайшлі з адзіных ведаў. Вы наўрад ці можаце пабудаваць сабе піраміду. А вось лабірынт – так. Нават можна пабудаваць яго па памерах свайго цела. Гэта будзе ваш лабірынт, які будзе асабліва адгукацца менавіта на вас. Можна задаваць лабірынту пэўныя нават якасці. Ёсць гістарычныя сведчанні пра тое, што самыя багатыя ўраджаі, якія калі-небудзь збірала чалавецтва, былі сабраныя ў старажытным Егіпце. Людзі з дапамогай адчування энергіі зямлі, паветра, сонца ўмудраліся дамаўляцца. І цяпер ёсць такія людзі, энергетыка якіх станоўча уплывае на наваколле. Лабірынт узмацняе энергетыку чалавека.
- Сэнс лабірынта ў тым, каб наладзіць кантакт чалавека з навакольным асяроддзем, з прыродай?
- Так. Вы ж, напэўна, чыталі ці глядзелі фільм аб інфармацыйных уласцівасцях вады. Дык вось інфармацыйны складнік вады залежыць ад таго, што вы ёй кажаце. І яна яшчэ абавязкова залежыць ад таго наваколля, ад тых геаметрычных формаў, якія знаходзяцца побач з вадой. Дык вось лабірынт – гэта адна з наймацнейшых геаметрычных формаў, якая стварае вельмі добрую энергетыку. Не толькі вады, але і паветра, зямлі, усяго.
- Вы цяпер бачыце сэнс стварэння лабірынтаў у Беларусі, так?
- Я буду іх рабіць. Для сябе, для іншых. Я хачу зрабіць сад лабірынтаў: сабраць розныя формы лабірынтаў. Ёсць лабірынт, які, напрыклад, узгадваецца ў “Махабхараце”. То бок вось такім чынам былі пабудаваныя войскі Арджуны пры бітве з дэманамі. Гэта лабірынт. На Заяцкай выспе лабірынту тры тысячы гадоў, і ён сустракаецца адначасова на поўначы Еўропы, у Арызоне, на Поўдні Афрыкі і ў Індыі. Адначасова, і яны аднолькавыя! Ёсць лабірынт старажытнаегіпецкі. Можа, я не маю рацыі, але думаю, менавіта з яго кіравалі імперыяй, то бок гэта быў лабірынт для фараона. Ён лёгка робіцца! У многіх краінах лабірынты ўзнаўляюць і будуюць новыя. Гэта выклікае цікавасць у людзей. Яны ходзяць па гэтых лабірынтах. Гэта вельмі цікава, я думаю, гэта надзвычай карысна.
- Вы кажаце, сад лабірынтаў… Вы ўжо абралі месца?
- Так. У мяне ёсць план. У мяне ёсць ужо два лабірынты, зробленыя для сябе, дзе мне вельмі падабаецца. Гэта тут, на Цнянцы, у Зялёным Лузе.
- А відаў лабірынтаў шмат?
- Не. Ёсць класічны сяміабаротны лабірынт, класічны адзінаццаціабаротны, лабірынт індзейцаў хопі, класічны яшчэ ёсць у іх лабірынт з двума ўваходамі ў лабірынт, індыйскі лабірынт. Іншыя лабірынты мне не вельмі цікавыя, яны з’явіліся максімум у сярэднія вякі. Яны, хутчэй, каб схаваць сапраўдныя.
- Усе чатыры лабірынты разам – гэта не занадта? Прынамсі, ці было такое ўжо дзесьці?
- Не, не было.
- Гэта эксперымент?
- Не, гэта не эксперымент. Калі вы робіце лабірынт, вы гэта адчуваеце. Трэба – не трэба. Я ўпершыню ў жыцці адчуў… Калі ты робіш лабірынт, табе пачынае пасміхацца прырода. Штораз па-новаму, нейкімі сваімі знакамі. То матылькі прыляцелі, то птушкі, надвор’е змяняецца на сонечнае… Вось менавіта тады, калі ты гэтым займаешся. Вы зразумейце, я нармальны, савецкі, піянерскі, камсамольскі, партыйны, ваенны! Мазгі ні да чорта! А тут раптам гэта адчуваеш: становішся жывым.
- Што для вас лабірынт? Можаце даць сваё азначэнне?
- Што для вас храм? Уявіце сабе, што ў гэтага храма ёсць тата з мамай. Аб якіх даўным-даўно забылі. А тут яны ўзнаўляюцца. То бок вось гэтая першакрыніца чалавечай духоўнасці, чалавечай сувязі са светам. Гэта і ёсць лабірынт. І як яго ўмудрыліся зрабіць месцам, адкуль няма звароту, дзе чалавек гіне і блукае… Гэта нехта быў сапраўдны мярзотнік.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі