Беларус Андрэй Кавалёў можа ўзначаліць зборную Кітая па хакеі

Беларускі спецыяліст Андрэй Кавалёў, які завяршыў гульнявую кар'еру ў сезоне-2007/08, можа ўзначаліць нацыянальную зборную Кітая па хакеі. Пра гэта паведаміў кіраўнік Федэрацыі хакею Беларусі Ўладзімір Навумаў.
Андрэй Кавалёў прапанаваў трэніраваць зборную Кітая ў тандэме са сваім шматгадовым партнёрам па нацыянальнай камандзе Беларусі Андрэем Расолькам. Акрамя таго, беларусы просяць даць ім кваліфікаванага перакладчыка. Але кітайскі бок пакуль не вызначыўся, ці гатовы ён уключыць у трэнерскі штаб сваёй зборнай адразу двух беларусаў, перадае БЕЛТА.

Зборная Кітая ў сусветным рэйтынгу 2009 года размяшчаецца на 29-м радку сярод 48 краін і ўваходзіць у трэці па рангу эшалон.

43-гадовы Андрэй Кавалёў з'яўляецца выхаванцам віцебскага хакею. У Мінск з роднага Віцебску пераехаў у 14 гадоў на запрашэнне аднаго са старажылаў сталічнай хакейнай школы "Юнацтва", заслужанага трэнера Беларусі Валер'я Пальшакова. Кар'еру пачаў у 1984 годзе ў мінскім "Дынама". У 1989-м Кавалёў перабраўся ў маскоўскае "Дынама", з якім да распаду СССР паспеў двойчы стаць чэмпіёнам Савецкага Саюза. Потым беларускі нападнік з'ехаў за акіян, дзе некалькі гадоў правёў у розных паўночнаамерыканскіх клубах. З 1993 па 2006 год Кавалёў правёў у Нямеччыне, дзе доўгі час быў адным з найлепшых гульцоў мясцовага элітнага дывізіёна.

У 2006 годзе ветэран вярнуўся на радзіму. У складзе мінскага "Юнацтва" выйграў бронзу нацыянальнага чэмпіянату і другі па значнасці клубны еўратрафей — Кантынентальны кубак.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі