БДУІР набраў 10 студэнтаў у ЗША, а чыноўнікі клічуць паступаць у вучэльні

“Трэба працаваць над павышэннем заробкаў для настаўнікаў і выхавацеляў. Трэба працаваць над тым, каб бацькі больш займаліся дзецьмі, бо асноўная адказнасць — на іх. Са станоўчага: Беларусь становіцца старшынёй у савеце моладзі краін СНД з наступнага года”, — паводзяць вынікі і выказваюць пажаданні ў Міністэрстве адукацыі.
 
І наракаюць, што “бацькі і дзеці не глядзяць на прафесійную адукацыю”. А ўсе хочуць займець вышэйшую.
 
“Заробак застаўся той жа пры большай колькасці гадзінаў. А так, асаблівых складанасцяў, зменаў асаблівых не было. Хацелася б больш адэкватнай аплаты працы, а таксама, каб не дзёргалі. Каб займацца сваёй працай, менш папер”, — агучвае свае пажаданні і вынікі году настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана Віктараўна з Касцюковіцкага раёна.
 
Як паведамляла Еўрарадыё, заробак настаўнікам сёлета абяцалі падняць на 25%, але атрымалася толькі на 3%. Не выйшла…
 
Адкрылі курсы ў ЗША і “перабралі” студэнтаў сёлета ў Беларускім універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. У наступным годзе хочуць узяць больш замежнікаў і пашыраць уплыў за акіянам!
 
“У гэтым годзе мы занесеныя на дошку гонару ў намінацыі “Вышэйшая адукацыя”. Улетку хваляваліся, як пройдзе набор, бо выпускнікоў было менш. Але набралі на бюджэт, і на платнае на 200 чалавек больш, чым летась. Мы адкрылі 2 філіялы ў ЗША для дыстанцыйнага навучання. Пакуль набралі 10 чалавек”, — аналізуе сыходзячы год рэктар БДУІР Міхаіл Батура.
 
У наступным годзе тут хочуць развіваць дыстанцыйнае навучанне, бо гэтыя тэхналогіі ў нас маларазвітыя, лічыць рэктар.
 
Чэмпіёнка сёлетняга тэставання Ганна Жалязнова, якая набрала 384 балы па трох прадметах і атэстаце цяпер навучаецца ў БДУ на “сусветнай эканоміцы” міжнародных адносінаў. Самым складаным называе уступную кампанію.
 
“Было складана прывыкнуць да новых людзей, да групы пасля свайго класа. Самым складаным было паступленне, а ў наступным годзе хацелася б, каб выкладчыкі дакладна тлумачылі, што трэба нам зрабіць”, — расказвае Ганна.
 
Заліковую сесію выдатніца тэставання здала “аўтаматам”.
 
Сёлета на паступленне прэтэндавалі 74 тысячы абітурыентаў, якія змаглі здаць цэнтралізаванае тэставанне. У дзяржаўных ВНУ для іх было 76 тысяч месцаў, 30,5 тысячы — бюджэтныя.
 
Фота: m.rg.ru
 
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі