БАТЭ ў трэці раз выйграў Кубак Беларусі па футболе (відэа)

Барысаўскі клуб БАТЭ ў трэці раз заваяваў Кубак Беларусі па футболе. 24 траўня на гомельскім стадыёне “Цэнтральны” адбыўся розыгрыш ганаровага трафея. У фінале барысаўчанам супрацьстаяў салігорскі “Шахцёр”, які заваяваў Кубак год таму.

Першы тайм праходзіў даволі роўна для абедзвюх каманд і скончыўся з нулявым лікам. Затое ў другой палове гульні галы літаральна пасыпаліся ў браму гарнякоў і яны не змаглі нічога зрабіць: на 52-й хвіліне лік “размачыў” гулец БАТЭ Міхаіл Гардзяйчук, на 61-й хвіліне перавагу павялічыў Віталь Радзівонаў, а на 65-й хвіліне Максім Валадзько давёў лік да разгромнага — 3:0.

Гэта прымусіла салігорцаў актывізавацца і на 72-й хвіліне адказаць барысаўчанам голам у выкананні Дзмітрыя Камароўскага. Аднак БАТЭ злавіў сапраўдны кураж і праз дзве хвіліны Мікалай Сігневіч паразіў браму “Шахцёра” яшчэ адным голам. Далейшыя дзеянні салігорцаў на полі не мелі поспеху. Выніковы лік — 4:1 на карысць барысаўскай каманды.

БАТЭ заваяваў Кубак Беларусі па футболе ў трэці раз — раней ганаровы трафей даставаўся яму ў 2006 і 2010 гадах. “Шахцёр” быў уладальнікам Кубка двойчы — у 2004 і ў 2014 гадах.

Фота з твітара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі