Бастунец: Чакаем, што лібералізацыя законаў закране і фрылансераў

У Беларусі аднавіліся справы супраць журналістаў-фрылансераў, якіх вінавацяць у паводле артыкул "Незаконны выраб і распаўсюд СМІ". Старшыня ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэй Бастунец лічыць, што ўсе гэтыя суды залежаць ад палітычных матываў, а не прававых. У каментары Еўрарадыё ён адзначыў, што згодна з нормай закона фрылансера немагчыма было б судзіць за "выраб і распаўсюд СМІ", бо  гэтым займаюцца рэдакцыі.

Судзіць і штрафаваць журналістаў па гэтым артыкуле Адміністрацыйнага кодэксу сталі з 2014 года. Як сведчыць статыстыка БАЖ, ужо ў 2015-м па гэтым артыкуле былі аштрафаваныя 30 чалавек. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў суды па гэтым артыкуле спыніліся. Але ўжо сёлета былі вынесеныя тры прысуды, і два пратаколы чакаюць судовага разгляду, кажа Бастунец.

БАЖ звярталася да органаў улады з прапановай перагледзець гэты артыкул. У тым ліку звярталіся і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Па словах Бастунца, цяпер журналісцкая арганізацыя спадзяецца на лібералізацыю заканадаўства, якую прапаноўвае МУС. Ён дадаў, што кіраўніцтва МУС сярод іншага прапанавала адмяніць для міліцыянтаў права складаць пратаколы за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.

фота: nn.by