Вы тут

Барысаўчанку аштрафавалі за бялізну, якая сохла "па схеме БЧБ"

Барысаўчанку аштрафавалі за "няправільную" бялізну на гаўбцы / ex-press.by

Барысаўчанку Наталлю аштрафавалі на 270 рублёў (10 базавых велічыняў) за бялізну, якая сохла на гаўбцы.

Жанчына знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. 1 снежня яна вывесіла свежапамытую бялізну на гаўбец. А ёй заявілі. што гэта "сімволіка" і "інфармацыйны матэрыял".

"Быў вечар аўторка. Нечаканы стук у дзверы насцярожыў мяне. У сучасным свеце перш чым прыйсці, людзі звычайна стэлефаноўваюцца. За дзвярыма апынуліся двое мужчын. Яны прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі. Пасля таго, як зайшлі, пачалі задаваць пытанні ў грубай форме. Маўляў, навошта я вывесіла сцяг? Я шчыра здзівілася і падумала, што яны памыліліся кватэрай. На маім балконе ніякіх сцягоў не было. Толькі бялізну — ручнікі і прасціны. На што мне адказалі, што ўсё гэта ўсё роўна з'яўляецца сімволікай", — распавяла Наталля сайту ex-press.by.

На гаўбцы, па словах жанчыны, віселі дзве прасціны і ручнік. 

Як выявілася, міліцыянты прыйшлі да барысаўчанкі з загадзя складзеным пратаколам. Пасля размовы яе папрасілі зняць бялізну з гаўбца.

Наталля абураецца: "Кватэра ў нас невялікая. Двухгадовае дзіця, шмат мыцця. Вядома, я адказала, што калі бялізнау высахне, я яе здыму. Ну а што мне рабіць? У кватэры па мэблі раскладваць?"

Штраф у 10 базавых яна плануе абскарджваць. 

У Мінску вядомыя выпадкі, калі жыхароў штрафавалі за бел-чырвона-белыя сцягі, вывешаныя ў вокнах або на гаўбцах, — людзей вінавацілі ў тым, што так яны праводзяць несанкцыянаванае пікетаванне. Аднак штраф за бялізну — гэта, відаць, першы выпадак у краіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.