Барыкады на Рэвалюцыйнай. Як ратуюцца ад патопу гаспадары бараў і салонаў

Менш чым за тыдзень скрыжаванне вуліц Рэвалюцыйная і Камсамольская ў Мінску затапіла двойчы. 17 ліпеня сіноптыкі абяцаюць новыя залевы, у Беларусі абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі. А ўладальнікі бараў і салонаў у самым цэнтры сталіцы, замест таго каб займацца кліентамі, шукаюць, дзе набыць мяшкі з пяском, і будуюць сапраўдныя барыкады, каб уратавацца ад новага патопу.

Кавярню "Закон бутерброда" першы раз затапіла ў пятніцу, 13 ліпеня. Па словах прадстаўніка ўстановы, у іх і раней былі невялікія праблемы падчас моцных залеваў, але такое — упершыню: "У пятніцу мы зразумелі, што раней нас і не патапляла. Вады было па шчыкалатку ва ўсіх памяшканнях. На ўваходзе ў кавярню быў вадаспад у пятніцу".

Учора персанал кавярні ўжо быў гатовы да нечаканасцяў. На ўваходзе пабудавалі барыкаду са сметніц. Вада не прайшла.

Уладальнікі кавярні кажуць, што рамонт пашкоджанага кухоннага абсталявання пакрые страхоўка. Яны не плануюць патрабаваць кампенсацыі ад "Мінскай спадчыны" — установы, якая замаўляла рэканструкцыю на вуліцах Рэвалюцыйная і Камсамольская. Праз паводку грунт на толькі што адрамантаванай вуліцы Рэвалюцыйнай вымываецца. Утвараюцца ямы.

Nail bar "Сороки" 16 ліпеня таксама пацярпеў ад паводкі. Вады ў салоне было па костачку. "Сороки" адкрыліся ў гэтым годзе і аказаліся не гатовыя да водных працэдур. Па суседстве з імі размешчаны яшчэ адзін іх салон, "Ноготки", які тут ужо тры гады. На памяці адміністратара такіх патопаў тут ніколі не было.

Уладальніца салона "Сороки" Ксенія Фёдарава ўжо закупілася мяшкамі з пяском і плануе набыць ружовага фламінга на выпадак новых затапленняў:

Уладальнікі іншых устаноў выстаўляюць барыкады з мяшкоў з пяском і рыхтуюцца да чарговых затапленняў.

Рэканструкцыя вуліц Камсамольская і Рэвалюцыйная каштавала гарадскому бюджэту каля 2,3 млн рублёў і выклікала шмат пытанняў у гараджан.