Бароўскі расказаў, якая фраза прагучала ў канцы размовы з Лукашэнкам

Бароўскі расказаў, якая фраза прагучала ў канцы размовы з Лукашэнкам

Вядомы беларускі футбольны трэнер Сяргей Бароўскі расказаў, якая фраза прагучала ў канцы размовы з Аляксандрам Лукашэнкам. 15 лютага ў кіраўніка дзяржавы абмяркоўвалася сітуацыя ў беларускім футболе. Лукашэнка ахарактарызаваў яе, як “правал” (няўдачы на міжнароднай арэне зборных і клубаў). На сустрэчы прысутнічалі старшыня Беларускай федэрацыі футбола Сяргей Румас, яго намеснік Юрый Курбыка, галоўны трэнер маладзёжнай зборнай Людас Румбуціс, трэнеры Эдуард Малафееў і Сяргей Бароўскі.

“Накірункі, якія былі выпрацаваныя ў размове з прэзідэнтам мусяць зрушыць наш футбол з гэтай мёртвай кропкі, — распавядае Бароўскі ў каментары Еўрарадыё. — Зразумела, што гэта не здарыцца сёння-заўтра. Але ў будучыні мусім выхоўваць зусім дзеяздольных прафесійных футбалістаў. А гэта звязана найперш з двума аспектамі: з падрыхтоўкай кваліфікаваных кадраў, і адсюль падрыхтоўка кваліфікаваных футбалістаў. Ухіл на дзіцяча-юнацкі наш патэнцыял. Правільна яго трэніраваць, выхоўваць. Каб на выхадзе былі дзеяздольныя футбалісты, якія валодалі б патрэбнымі навыкамі і функцыянальна былі б гатовыя да супрацьстаяння з топ-клубамі”.

Па словах Сяргея Бароўскага, правал у беларускім футболе адбыўся ў 1990-я гады. У той час нямала дзіцячых трэнераў пайшлі ў бізнэс, а тыя, што засталіся, працавалі па нейкіх сваіх методыках.

“Некваліфікаваныя, непрафесійныя адносіны прывялі да таго, што футбалісты на выхадзе былі не таго ўзроўню і якасці, — кажа Бароўскі. — А цяпер плануецца стварэнне па абласцях футбольных цэнтраў. Каб яны працавалі па адзінай методыцы”.

Плануецца, што выкананне планаў і трэніровачных заняткаў будзе жорстка кантралявацца. “Прэзідэнт сказаў: каб кожны год я бачыў пэўныя зрухі”, — адзначае трэнер. У канцы сённяшняй размовы ў кіраўніка дзяржавы прагучала фраза: “Кадры вырашаюць усё”. Прысутныя прыйшлі да меркавання, што калі правільна расставіць кадры, у тым ліку і ў кіраўніцтве федэрацыі футбола, то “справа пойдзе”. Аднак ніякіх пасадаў нікому не раздавалі, кажа Сяргей Бароўскі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі