Бах у пераходзе: Усё робіцца больш жывым (фота, відэа)

21 сакавіка мінчукам прапанавалі адсвяткаваць 330-ты Дзень нараджэння Іагана Себасцьяна Баха. Для гэтага студэнты Акадэміі музыкі і артысты філармоніі на чале з Асацыяцыяй маладых беларускіх кампазітараў акупіравалі (з дазволу ўладаў) 10 пераходаў метро і зладзілі там гадзінныя канцэрты, падчас якіх гралі творы вялікага кампазітара. І калі на аддаленых ад цэнтра пераходах кшталту Каменнай горкі і Пушкінскай ажыятажу вакол акцыі асабліва не назіралася, то ў цэнтры Бах гучаў пры поўных аншлагах. А ў пераходзе на Нямізе сітуацыю нават давялося кантраляваць міліцыянтам.

Фізічна за гадзіну паспець на ўсе 10 станцый і паслухаць творы Баха для аргана, віяланчэлі, фагота, ударных інструментаў было практычна немагчыма. Даводзілася выбіраць. Мінчукі апынуліся ўважлівымі і цікаўнымі: здымалі відэа на свае айпады і слухалі. Праўда, былі і тыя, хто рызыкаваў "замаўляць" музыку, але ў адказ мог пачуць: "Сёння толькі Бах".

Музыкі з філармоніі сыграюць Баха ў падземных пераходах Мінска (мапа)

Еўрарадыё даведалася, пра што думаюць мінчукі, якія прыйшлі святкаваць Дзень нараджэння галоўнага музыкі эпохі Барока.

Рэгіна і Аляксандра: "Мы вельмі радыя, што ў нас адбываюцца падобныя змены, і што, магчыма, гэта дапаможа людзям адысці ад штодзённых клопатаў і звярнуцца да высокага, таму што заўсёды на гэта часу не хапае. А так, глядзіш, пойдуць і ў філармонію. Нам вельмі радасна і прыемна. Музыка натхняе".

Ганна: "Мне падаецца гэта вельмі добрай ідэяй, калі ў нас так жа, як і ў іншых гарадах Еўропы, будуць граць музыкі. Асабіста мяне жывая музыка на вуліцы ці ў пераходах моцна разнявольвае, вяртае на зямлю. Таму што звычайна ідзеш у сваіх думках на аўтамаце, а калі музыка грае, то вяртаешся ў рэальнасць: паглядзеў, усміхнуўся, зірнуў на людзей. Усё робіцца больш жывым. Размясціце, калі ласка, пажаданні нашаму Мінскгарвыканкаму, каб часцей такія акцыі праводзіліся".

Кацярына: "Я вельмі "за". Хачу, каб у нас больш прафесійных музыкаў грала на вуліцах. Да таго ж, гэта і паказчык еўрапейскасці. Ва ўсіх турыстычных гарадах, у той жа Празе, Рыме, музыкі граюць на вуліцах. Чаму б і ў нас такое не зрабіць? У нас таксама прыгожае метро, магчыма, нават лепшае, чым замежнае".

Аляксей: "Сённяшняя акцыя - гэта задавальненне і радасць для ўсіх пасажыраў метро і проста мінакоў. Музыка, як і мастацтва, выхоўвае свабоду мыслення. Мы можам адарвацца ад сваіх клопатаў і паслухаць музыку. Гэта здорава. Мяркую, што гэта трэба зрабіць на рэгулярнай аснове".

Даша і Даша: "Гэта вельмі крута.І нам падабаецца сама гэтая ідэя. Яна натхняе і насычае культурай. На жаль, у сучасным грамадстве адчуваецца недахоп культуры, таму сённяшняя акцыя — гэта вельмі добра. Людзям цікава, гэта ж відавочна. Хацелася б, каб яны пайшлі ў філармонію, але мы ўсё ж сумняваемся ў гэтым".

Вольга: "Гэта вельмі карысна для нашага горада. Бо, магчыма, хаця б такім чынам моладзь далучыцца да культуры. І гэта самы просты, бадай, спосаб".

Святлана: "Я выпадкова ўбачыла аб'яву сёння ў газеце. Шкада, што ўсё адначасова на дзесяці станцыях. Я наведала пяць. Натуральна, скрыпка больш за ўсё мяне ўразіла. Хацелася б паслухаць фартэпіяна, але яно было далёка, на Каменнай горцы. А так вельмі ўсё прыемна, і людзі, і дзеці вельмі добра рэагуюць. Музыка Баха на любым інструменце ў прафесійным выкананні спасобнічае ўспрыманню. Дзякуй арганізатарам".

Мікіта: "Прафесійныя вулічныя музыкі адукоўваюць горад і людзей: магчыма, яны б больш у філармонію хадзілі, калі б у нас было дазволена граць вулічным музыкам на вуліцах. У горадзе мусіць быць шмат музыкаў, і добрых і розных. Горад ад гэтага толькі выйграе. Калі Карла Маркса закрылі для музыкаў, ніхто не выйграў. І джазавыя вечары каля Ратушы не кампінсавалі гэтай страты. Музыка ніколі кікому нічога шкоднага не зрабіла. Дарогу музыцы!"

Дзмітрый, бубнач, удзельнік: "Людзі ўспрынялі гэта добра і для іх гэта шмат чаго дало, бо высокая класічная музыка эпохі Барока культурна развівае. Не кожны дзень можна паслухаць класіку ў пераходзе. І не кожны цікавіцца класікай. А калі так проста ідзеш, спынішся, паслухаеш — некага можа і закране, нехта захоча гэтым займацца ці хаця б паслухаць. Мне падаецца, што многія захочуць пайсці на канцэрт і паслухаць яшчэ раз. І не толькі гэты інструмент, а і многія іншыя".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі