Музыкі з філармоніі сыграюць Баха ў падземных пераходах Мінска (мапа)

21 сакавіка з 15-й да 16-й гадзіны ў 10 пераходах мінскага метро будуць граць творы Іагана Себасцьяна Баха. Акурат у гэты дзень музычны свет адзначае 330 гадоў са дня нараджэння вялікага кампазітара. Ідэя вывесці Баха з акадэмічных зал у сталічныя пераходы належыць маладым беларускім кампазітарам Вользе Падгайскай і Віталю Дарашуку. Раней Вольга ў гэтую дату ладзіла арганныя канцэрты ў розных беларускіх гарадах.

"Наша мэта — зрабіць Мінск больш музычным горадам, каб ён прачынаўся ад гэтай спячкі, каб музыка выходзіла з філармоніі, каб яна множылася па горадзе, каб горад пачынаў жыць больш культурным жыццём", — тлумачыць Віталь Дарашук.

Дзяліцца творчасцю Баха з людзьмі будуць больш за 20 прафесійных музыкаў: на станцыі "Няміга" — Юрый Навуменка (кантрабас) і Анастасія Папова (скрыпка), на "Кастрычніцкай" — Вольга Шырынава і Ганна Шафраноўская, на "Пушкінскай" — Андрэй Цалко (баян), на "Каменнай горцы" — Кацярына Марэцкая (электроннае фартэпіяна), на "Пралетарскай" — Ілона Лесь (віяланчэль), на "Трактарным заводзе" — Анастасія Валадкевіч і Канстанцін Валадкевіч (габой і скрыпка), на "Фрунзенскай" — Максім Забара (фагот), на "Магілёўскай" — Дзмітрый Антаневіч (флейта), на "Плошчы Перамогі" — Вераніка Прадзед (цымбалы), на станцыі "Плошча Якуба Коласа" — ансамбль ударных інструментаў. Удзельнікі праекту — студэнты Беларускай акадэміі музыкі і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, салісты Беларускай дзяржаўнай філармоніі, асацыяцыя маладых беларускіх кампазітараў.

Фота: kraj.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі