Баец з “ЛНР”: Калі вярнуўся ў Беларусь, у КДБ мяне папярэдзілі і адпусцілі

Баец з “ЛНР”: Калі вярнуўся ў Беларусь, у КДБ мяне папярэдзілі і адпусцілі

8 лістапада ў гомельскай маршрутцы №14 невядомы мужчына прапанаваў аднаму з пасажыраў купіць патроны калібру 7,62. “Гандляр” распавёў, што ваяваў за “ДНР” і прывёз боепрыпасы адтуль.

“Гэта кулямётны патрон. Я іх знайшоў скрыню — 1300 штук. Колькі змог — у сумку загрузіў. Два долары штучка. Што, не хочаш патрон на памяць?” — цікавіўся невядомы ў пасажыра. Гэтыя словы выразна чуваць на аўдыёзапісе.

“Гандляр” расказаў, што яго вайсковая спецыяльнасць — вадзіцель БТР-80. А за месяц на Данбасе ён зарабляў 1500 долараў.

“Калі такія ж грошы будуць, то паеду. А цяпер няма вайны — няма грошай. Братан, дзе яшчэ зарабіць грошы такія?” — разважаў невядомы. 

Еўрарадыё мае інфармацыю, што гісторыяй зацікавілася міліцыя. Мужчыну з патронамі шукаюць. Інфармацыі пра яго затрыманне пакуль няма.

Гэты выпадак зноў падштурхнуў да разваг пра тое, як праявяць сябе беларусы, якія паваявалі ў Данбасе і вярнуліся дамоў.

Мяркуючы па ўсім, такіх людзей нямала. Многія не хаваюць удзелу ў баявых дзеяннях і смела афішуюць сваё вяртанне. Заняло зусім няшмат часу, каб знайсці такога чалавека і звязацца з ім.

Нядаўні баец аднаго з падраздзяленняў “ЛНР” распавядае Еўрарадыё, што беларускія спецслужбы не знайшлі ў яго дзеяннях нічога крымінальнага. 

Баец з “ЛНР”: Калі вярнуўся ў Беларусь, у КДБ мяне папярэдзілі і адпусцілі
На калажы злева — падчас службы ў беларускім войску. Справа — у хуткім часе на Усходзе Украіны.

“Калі вяртаўся з “ЛНР”, нас праверылі, каб не бралі з сабой боепрыпасаў”

22-гадовы Радзівон Кургузаў з-пад Мар’інай Горкі адвучыўся ў ПТВ і трапіў на тэрміновую службу ў ваенную каманду супрацьпажарнай абароны. Там па тэлебачанні даведаўся пра вайну на Усходзе Украіны і адразу пасля дэмбеля выправіўся ваяваць у Луганск.

“Яшчэ ў войску я перапісваўся з байцамі ДНР і ЛНР. Пасля звальнення паехаў туды праз Растоў. Трапіў у Данское казацкае войска. Мы базіраваліся ў Перавальску”, — узгадвае Кургузаў.

Леам 2015 года хлопец вярнуўся ў Беларусь. Пераследу з боку праваахоўных органаў сёння ён не баіцца і наёмнікам сябе не лічыць.

Кургузаў: Я знаходзіўся ў атрадзе, дзе не плацілі грошы. Наконт мяне ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі нават праводзілася расследаванне.

Еўрарадыё: І што ў выніку? Вам паведамілі, што ўсё ў парадку?

Кургузаў: Так. Я распісваўся. Атрымаў папярэджанне.

Распавядаем Радзівону гомельскую гісторыю пра патроны. Ён кажа, што вывезці з Данеччыны і Луганшчыны забароненыя для мірнага жыцця рэчы маглі толькі “па-чорнаму”.

“Калі я адтуль вяртаўся, нас праверылі, каб не бралі з сабой ні боепрыпасаў, ні зброі”, — сцвярджае Кургузаў.

Баец з “ЛНР”: Калі вярнуўся ў Беларусь, у КДБ мяне папярэдзілі і адпусцілі

Цягам гутаркі ён паразважаў наконт таго, што асобнай нацыі беларусаў не існуе. Сябе Кургузаў лічыць чалавекам “рускага свету”. Пры гэтым, як ні дзіўна, выступае за суверэнітэт Беларусі.

Сёння Кургузаў працуе будаўніком і рыхтуецца ўзводзіць уласны дом на малой радзіме — пад Мар’інай Горкай.

Вайсковы эксперт: “Чалавек, які ўзяў удзел у баявых дзеяннях, можа паўторна прычыніць некаму страты, гвалт…”

Некаторыя байцы з Беларусі падчас вайны на Данбасе пазначалі сябе шэўронамі з выявай расійскага сцяга, а не беларускага.

Напрыклад, пад трыкалорам дагэтуль ваюе нядаўні жыхар Гомеля “падпалкоўнік арміі ДНР” Анатоль Малчанаў. Сёння, мяркуючы па фотаздымках, ён уваходзіць у падраздзяленне “Самалі”, якім кіруе палявы камандзір Гіві. 

Баец з “ЛНР”: Калі вярнуўся ў Беларусь, у КДБ мяне папярэдзілі і адпусцілі

Калі байцоў з “ДНР” і “ЛНР” сёння ў Беларусі не прыцягваюць да адказнасці, ці могуць яны ў выпадку гіпатэтычнага канфлікту з Расіяй стаць сепаратыстамі ўжо на нашай тэрыторыі? І ці магчымая ад іх хоць якая-небудзь небяспека? Задаём гэтыя пытанні вайсковаму эксперту Аляксандру Алесіну.

“Я мяркую, што заўсёды чалавек, які ўзяў удзел у баявых дзеяннях, для якога вартасць чалавечага жыцця зніжаная, можа паўторна прычыніць некаму страты, гвалт. Верагоднасць у выпадку з такімі людзьмі ўзрастае”, — адзначае эксперт.

Алесін згадвае пра так званы посттраўматычны сіндром, калі некаторыя людзі пасля вайны робяцца не да канца здаровымі псіхічна. А ступень небяспекі для крымінагеннай сітуацыі ў Беларусі залежыць, як лічыць Алесін, ад колькасці людзей, якія вярнуліся з вайны. 

Еўрарадыё мае інфармацыю з праваахоўных органаў, што лічба па беларусах, якія паваявалі за “ДНР” і “ЛНР”, ацэньваецца прыкладна ў 170 чалавек.

Ці магла б такая колькасць людзей у выпадку спрыяльнай сітуацыі стварыць небяспеку для суверэнітэту Беларусі?

“Для гэтага яны павінны быць добра арганізаваныя і некім спансіравацца. Мяркую, што пагрозы страціць незалежнасць няма, калі дзеянні гэтых людзей не каардынуюцца. Нават калі іх дастаткова шмат, — аналізуе Алесін. — Ёсць абвінавачванні з боку некаторых, так бы мовіць, экспертаў, што беларуская ўлада марыць здаць краіну Расіі. Мяркую, гэта не ў інтарэсах улады, якая не хоча быць кіраўнікамі Паўночна-Заходняга краю ці нейкай губерняй. Яны хочуць быць самадастатковымі кіраўнікамі незалежнай дзяржавы. Таму ў дадзеным выпадку сілавыя структуры будуць супрацьдзейнічаць утварэнню разнастайных дыверсійных, паўпартызанскіх, экстрэмісцкіх арганізацый”.

Баец-беларус з “ДНР”: “Лічба ў 170 чалавек неаб’ектыўная. Нас тут нашмат больш”

26-гадовы Віталь Ляшчук да вайны ў Данбасе і на Луганшчыне працаваў інструктарам у цэнтры дзіцячага адпачынку.  Паўгода сачыў за баявымі дзеяннямі праз СМІ, а потым паехаў ваяваць сам. У структуры падраздзяленняў “ДНР” і “ЛНР” ён пачынаў шараговым механікам-вадзіцелем і за год дарос да камандзіра роты ў званні капітана. 

Баец з “ЛНР”: Калі вярнуўся ў Беларусь, у КДБ мяне папярэдзілі і адпусцілі
Злева — Ляшчук падчас працы з дзецьмі. Справа — на вайне ў Данецку.

Вось як Ляшчук рэагуе на інфармацыю пра тое, што поруч з ім можа ваяваць блізу 170 беларусаў:

“Гэта лічба неаб’ектыўная, нас нашмат больш. Я асабіста ведаю, напэўна, чалавек 80 беларусаў, якія тут ваююць. Што тычыцца агульнай лічбы, гэта як мінімум разы ў чатыры больш, чым вы называеце. Пры гэтым ніводнага чалавека, які тут знаходзіцца, не прыцягнулі ў Беларусі да крымінальнай адказнасці і не аб’явілі ў вышук”.

Ляшчук кажа, што матывам для прыезду ў “ДНР” для многіх беларусаў была барацьба з фашызмам.

Цікавімся і меркаваннем, якую пазіцыю зоймуць байцы-беларусы з “ДНР” у выпадку гіпатэтычнага канфлікту паміж нашай краінай і Расіяй.

“Будуць прытрымлівацца нейтральнай пазіцыі, каб не дапусціць такога канфлікту”, — пачулі ад Ляшчука. Ён верыць, што Беларусь і Расія “заўсёды прыйдуць да кансенсусу ва ўнутраных пытаннях” і лічыць абодва народы “братамі па крыві і па свядомасці”.

Сёлета ў чэрвені старшыня КДБ Валерый Вакульчык казаў пра тое, што беларусаў, якія паехалі ваяваць ва Украіну, будуць прыцягваць да адказнасці па артыкуле "Наёмніцтва". Калі дакажуць вінаватасць. Дагэтуль не вядома хоць бы пра адну такую крымінальную справу.   

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі