Вы тут

"Бацюшку са свастыкай" пасадзілі на тры гады

Канстанцін Бурыкін у судзе. Фота: TUT.by

Святара-спартоўца з Гатава Канстанціна Бурыкіна, вядомага як "Бацюшка са свастыкай", асудзілі на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд Завадскога раёна Мінска прызнаў яго вінаватым у незаконным захоўванні зброі і боепрыпасаў, піша TUT.by.

"Пісталеты захоўваліся дома як памяць аб РНЕ [Бурыкін быў духоўным настаўнікам арганізацыі да яе забароны. — Еўрарадыё]. Ніякага намеру прывесці іх у баявую гатовасць не было", — яшчэ ў першы дзень суда распавёў абвінавачаны.

Канстанціна Бурыкіна затрымалі ў лістападзе 2016 года. Адразу ж усплылі падрабязнасці пра тое, што ў 2000-я ён быў сябрам РНЕ, захоўваў дома дыскі з ваеннай хронікай Трэцяга рэйха, а ў працоўным кабінеце ў яго вісела люстра ў выглядзе свастыкі. Але сваякі Бурыкіна патлумачылі яго арышт тым, што святар перайшоў дарогу некаму з Беларускай федэрацыі паўэрліфтынгу, якую ўзначальваў апошнія гады.

Падчас судовага пасяджэння сведкі казалі, што з ператрусам да бацюшкі прыйшлі, бо ён захоўваў дома фашысцкую літаратуру. Але пасля таго, як у кватэры Бурыкіна знайшлі пісталет, рэвальвер і патроны, канчатковае абвінавачанне было прад'яўлена па іншым артыкуле.

Пракурор Дар'я Буйко запрасіла для святара тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Максімальнае пакаранне, якое яму пагражала, — 10 гадощ турмы.

За час зняволення і суда Бурыкін пасівеў і заўважна схуднеў.

Прысуд, абвешчаны сёння ў судзе Завадскога раёна Мінска, яшчэ не набыў законны моц. Калі пасля працэса журналісты пацікавіліся ў святара, ці будзе ён абскарджваць прысуд, ён адказаў лаканічна: "Я падумаю. Дзякуй усім, хто дапамагаў, і даруйце, што так выйшла".