Вы тут

“Бацюшка са свастыкай” пра кантакты з РНЕ даваў справаздачу Філарэту

Фота: БЕЛТА

29 чэрвеня ў Мінску ў судзе Заводскага раёна пачаўся працэс над былым настаяцелем праваслаўнага храма з Гатава, грамадзянінам Расіі Канстанцінам Бурыкіным (вядомы, як “бацюшка са свастыкай”). Ён абвінавачваецца ў незаконных дзеяннях у адносінах агнястрэльнай зброі (ч. 2, 3 арт. 295 КК). Бурыкін быў затрыманы ў лістападзе 2016 года. На той час ён яшчэ быў святаром у згаданым прыходзе.

Як інфармуе БЕЛТА, мужчына цалкам прызнаў сваю віну. У судзе “бацюшка са свастыкай” закрываў твар ад рэпарцёраў. Пракурор паведаміў, што Канстанцін Бурыкін набыў некалькі пісталетаў у невядомых асобаў, насіў зброю з сабой. У яго кватэры падчас ператрусу знайшлі тры патроны. У судзе Бурыкін расказаў, што ў 2000-2001 гадах ён быў прызначаны духоўнікам у РНЕ (Рускае нацыянальнае адзінства, фашысцкая арганізацыя) і 3-4 гады праводзіў з яе сябрамі духоўныя гутаркі, абрады. На адной з сустрэч яму там і падаравалі пісталеты, сказалі пры гэтым, што яны няспраўныя і праблем не будзе. “Я прыняў у падарунак, захоўваў іх дома як добрую памяць”, — сказаў абвінавачаны ў судзе.

Бурыкін таксама паведаміў, што духаўніком РНЕ стаў пасля таго, як прадстаўнікі гэтай арганізацыі звярнуліся ў епархіяльнае ўпраўленне. Пра працу з імі ён даваў справаздачу мітрапаліту Філарэту, тагачаснаму кіраўніку Беларускай праваслаўнай царквы. Калі арганізацыю прызналі экстрэмісцкай, Канстанцін Бурыкін атрымаў загад спыніць з ёй кантакты, інфармуе nn.by.