Бацькі трэцякласнікаў звярнуліся ў Мінадукацыі, каб справіцца з вучнем

Бацькі трэцякласнікаў звярнуліся ў Мінадукацыі, каб справіцца з вучнем

Бацькі трэцякласнікаў адной з мінскіх гімназіяў звярнуліся ў камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама і Міністэрства адукацыі, каб справіцца з адным вучнем. Іх адкрыты ліст пра сітуацыю публікуе кіраўнік праекта "Народны падручнік" Сяргей Альшэўскі

Па словах бацькоў, у 2018 годзе ў іх клас (тады — 2А) прыйшоў новы вучань — Кірыл Р. Хлопчык, пішуць яны вызначаецца "сістэматычнымі неадэкватнымі паводзінамі на ўроках (дзіця брэша, крычыць, плюецца, бегае па класе, валяецца на падлозе і г.д.), незахаваннем дысцыпліны, парушэннем правілаў унутранага распарадку ўстановы адукацыі, а таксама агрэсіўнымі паводзінамі ў дачыненні да іншых дзяцей". Пры гэтым бацькі новага вучня ніяк не ўплывалі на яго паводзіны. 

Дырэкцыя гімназіі, гаворыцца ў лісце, ніяк не рэагавала на пісьмовыя скаргі бацькоў на паводзіны вучня. Напрыканцы навучальнага года, у траўні 2019-га, на імя дырэктара была пададзеная заява ад імя ўсіх бацькоў класа з просьбай разабрацца ў сітуацыі і перавесці Кірыла Р. "Намі быў атрыманы адказ у чэрвені гэтага года аб немагчымасці пераводу дзіцяці без наяўнасці заявы ад яго законных прадстаўнікоў і аб далейшай працы кіраўніцтвам гімназіі ў наступным навучальным годзе па фарміраванні міжасобасных адносін і прафілактыцы супрацьпраўных паводзін навучэнца", — пішуць бацькі.

Аднак па заканчэнні навучальнага года звольніўся класны кіраўнік, не чакаючы заканчэння тэрміну кантракта. Аўтары ліста ўпэўненыя, што гэта адбылося пад ціскам сям'і праблемнага вучня. Таксама з класа сышлі шэсць вучняў. 

Адзін з бацькоў паскардзіўся ў Мінадукацыі, якое прыслала праверку. Па яе выніках быў звольнены дырэктар гімназіі.

Новы класны кіраўнік вытрымаў толькі паўгода — ён звольніўся 27 студзеня 2020 года, і таксама да заканчэння кантракта. 

"Сітуацыя сёлета пагоршылася тым, што сям'я Кірыла Р., яго маці, цётка і дзед сталі ўмешвацца ў навучальны працэс, вінаваціць класнага кіраўніка ў перадузятым стаўленні да дзіцяці, неаб'ектыўным ацэньванні ведаў, палохаць судом. Ціск на настаўніка з боку сям'і Кірыла Р. быў практычна штодня, мы, бацькі іншых навучэнцаў, не мелі магчымасці пагутарыць з настаўнікам прах іх пастаянную прысутнасць. Цёткай Кірыла, якая атрымала даверанасць на прадстаўленне інтарэсаў дзіцяці, быў сарваны савет па прафілактыцы, ініцыяваны кіраўніцтвам гімназіі", — апісваюць сітуацыю бацькі трэцякласнікаў.

Вырашыць сітуацыю з законнымі прадстаўнікамі Кірыла бацькі астатніх вучняў не могуць, бо тыя не ходзяць на бацькоўскія сходы. Таму цяпер бацькі пішуць заявы і звароты ў розныя дзяржаўныя органы. Праўда, пакуль безвынікова. А ў беларскіх законах, адзначаюць яны, няма ніякіх механізмаў, каб урэгуляваць "агрэсіўныя паводзіны цяжкага праблемнага дзіцяці без прычынення ім сур'ёзных траўмаў іншым дзецям, а таксама пераводзе такога дзіцяці ў іншы клас без згоды яго законных прадстаўнікоў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі