Бабарыка: прэзідэнт гэта менеджар, калі мне гэтую працу не дадуць — не паражэнне

Бабарыка: прэзідэнт гэта менеджар, калі мне гэтую працу не дадуць — не паражэнне

16 траўня вылучэнец у прэзідэнты Віктар Бабарыка зладзіў свой першы стрым у instagram. Адначасова відэа глядзела больш за 2270 чалавек. Бабарыка распавёў пра тэхнічныя моманты, звязаныя з запісам у яго ініцыятыўную групу, і адказаў на пытанні беларусаў.

Па яго словах, дагутуль ён не меў неабходнасці размаўляць у жыцці па-беларуску, але неўзабаве абяцае гэта выправіць. "Я не проста абяцаю, я буду валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі", — заявіў Бабарыка.

Былы банкір не захацеў агучыць імёны людзей, якія ўваходзяць у яго каманду, аднак распавёў, што ад моманту прыняцця рашэння вылучацца (гэта адбылося ў панядзелак 11 траўня) ў прэзідэнты ўбачыў новую Беларусь:

"Я зразумеў, што гэта ў маім жыцці проста фантастычна правільны крок. Я ўбачыў такую Беларусь — маладую, гатовую на валанцёрскіх пачатках зрабіць тое, што мне патрэбна".

Таксама Бабарыка параўнаў пасаду прэзідэнта з роляй менеджара, і сказаў, што калі не стане прэзідэнтам, то не будзе ўспрымаць гэта як паражэнне.

"Калі мяне не возьмуць на працу — гэта не паражэнне. Проста тыя, хто мяне наймае, вырашаць, што я не пасую да ролі кіраўніка", — патлумачыў былы кіраўнік "Белгазпрамбанку". Праўда, на пытанне, што будзе рабіць, калі яго ініцыятыўную групу не зарэгеструюць, адказаць адмовіўся — маўляў, такога не можа быць.

Праграма Бабарыкі будзе агучаная, калі яго зарэгіструюць кандыдатам у прэзідэнты. Па яго словах, яна ўжо гатовая. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі