Вы тут

Аўтар "Вялікай істоты" з адбітымі рукамі: Раны зацягнуцца нечым жывым

Фота са старонак Ігара Стахіевіча і Макса Осіпава ў Facebook

Падчас фестывалю "Vulica Brasil" на вуліцы Кастрычніцкай у Мінску з'явілася, мабыць, самая правакацыйная скульптура, якую толькі можна афіцыйна ўсталяваць у нашым горадзе. Мінакі адразу ж пачалі фатаграфавацца з ёй, а мастак Ігар Стахіевіч (BAZINATO), заканчваючы ўстаноўку, спрабаваў ўсім растлумачыць, што гэта не "чалавек-вагіна", а "Вялікая істота" — "сімбіёз бактэрыі, чалавека і расліны". Менавіта такую ​​канцэпцыю закладваў аўтар.

А праз пару дзён "Вялікая істота" пацярпела ад вандалаў. Ад скульптуры адбілі некалькі дробных частак і адарвалі рукі. Тады ж высветлілася, што зробленая яна з пенапласту — далёка не самага трывалага матэрыялу.

Дагэтуль у нас ёсць нямала пытанняў да BAZINATO. Чаму пенапласт? Навошта падстаўляцца з такой правакацыйнай формай? Чым замяніць адарваныя рукі? Мастак цяпер не ў Мінску, але знайшоў час, каб паразмаўляць з намі.

"Вялікая істота" пусціць смалу для сваёй абароны

Еўрарадыё: Што будзе з "Вялікай істотай" пасля таго, як ёй адламалі рукі?

BAZINATO: Канцэпт гэтага арт-праекта — істота, якая з'явілася пасля сінгулярнасці. Такім ў будучыні можа стаць чалавек. Яго форма пастаянна змяняецца — свядомасць ўмее кіраваць атамамі і выбудоўваць любую структуру. Калі такая істота чагосьці пазбаўляецца, яна вырошчвае нешта новае. Што гэта будзе, я пакуль не ведаю, ды і ўзаемадзеянне працягваецца: напэўна, ад яго і далей будуць нешта адломліваць, адбіваць і адкручваць.

Дачакацца ночы і залезці ў "Вялікую істоту". Фота: Vulica Brasil

Ведаеце, калі жывіцу збіраюць, робяць на расліне надрэзы, а яна пускае смалу. Вось будзе нешта такое: "Вялікая істота" пусціць смалу для сваёй абароны. Раны зацягнуцца нечым жывым. Не пластыкам, а прыроднымі матэрыяламі.

Еўрарадыё: Раскажыце, што такое гэтая "Вялікая істота". Ну, ці хто гэта такі.

BAZINATO: Мяне ўражвае чалавечы мозг. Ён складаны, як Сусвет, і ніхто не разумее, як ён працуе. Потым — бактэрыя, якая ўмее ўбудоўваць сябе, мутаваць і набываць новыя карысныя ўласцівасці ў наступных пакаленнях. І расліна, якая мае бясконцую крыніцу энергіі — сонца.

"Тое, што працы знікаюць на наступны дзень, для мяне мае ніякага значэння"

Еўрарадыё: Чыста тэхнічна скульптуру з пенапласту цяжка перарабляць?

BAZINATO: Гэта нескладана.

Еўрарадыё: Чаму для скульптуры выбралі далікатны пенапласт?

BAZINATO: У мяне не было задачы рабіць статычны аб'ект, які заўсёды будзе захоўваць сваю форму. Хтосьці адламаў рукі? ОК, на гэтым месцы з'явіцца нешта іншае. Можа быць, заўтра яе з коранем вырвуць.

Я выйшаў з стрыт-арту, і тое, што працы знікаюць на наступны дзень, для мяне наогул не мае ніякага значэння. Гэта ўсё ідзе ў лічбу, у дыгітальную прастору, і існуе вечна. Я мог бы зрабіць яе з каменя ці з бетону, але я не ствараю антывандальныя творы. А пенапласт — такі матэрыял, з якім мінак можа сабе нешта дазволіць, неяк адрэагаваць.

Еўрарадыё: То бок вы першапачаткова настройваліся на тое, што скульптуру разбураць?

BAZINATO: Меркавалася, што людзі змогуць нешта прыляпіць, дамаляваць. Але ОК, дэструкцыя — гэта таксама творчасць. Наколькі глыбока чалавек можа мяняць усё, што бачыць вакол? Гэтая скульптура — адкрытае пытанне пра гэта. Дзе пачынаюцца і заканчваюцца этыка, мараль, рэлігія, палітыка? Ці гуманна змяняць сваё цела? Як мы будзем выглядаць у будучыні? Я вяду паралель з жывой клеткай, са свядомасцю, якая ўмее кіраваць сваім матэрыялам. Вырошчваць новы хвост, як яшчарка.

Усё гэта я злучыў, каб стварыць "Вялікую істоту". Гэта касмічны падарожнік, які даўно забыўся пра каўбасу, тэлевізар, аўтарытарызм, гвалт. Яму гэта наогул не цікава. Нават такіх паняццяў вакол яго ўжо няма. Гэта падарожнік, які спрабуе працягваць даследаванне: знаходзіць ключы, адчыняць дзверы, шукаць новае і развівацца.

Ігар Стахіевіч

"Тое, што людзі бачаць у ёй вагіну, гэта выдатна"

Еўрарадыё: То бок, гэта не музей, дзе карціна вісіць, абгароджаная, за шклом.

BAZINATO: Гэта гісторыя пра узаемадзеянне і адкрытасць. Ты сам выбіраеш: знішчыць ці не. Забраць сабе ці не. Адламаць, ударыць, праверыць на трываласць, усунуць туды палку. Даведацца, што аўтар спрабаваў сказаць, ці выказаць сваё меркаванне.

BAZINATO дарабляе "Вялікую істоту". Фота: Vulica Brasil.

Еўрарадыё: Дарэчы, 76% апытаных на партале TUT.by лічаць вашу "Вялікую істоту" чалавекам-вагінай.

BAZINATO: Тое, што людзі бачаць у скульптуры вагіну, гэта выдатна. Гэта вельмі блізка. Вагіна — гэта партал, які дае пачатак новаму жыццю. А я заўсёды пра гэта і кажу — пра пачатак чагосьці новага. Таму што так, як мы жывём, далей жыць нельга.

"Крыніцай былі вусцейкі раслін"

Еўрарадыё: Вы ўлічвалі такую ​​трактоўку?

BAZINATO: Вядома, была такая асацыяцыя. Але падобныя формы ў мяне з'яўляюцца ўжо даўно. Спачатку там быў кружочак, потым ён трошкі выцягнуўся. Але мяне натхняла не вагіна — яна ж зусім па-іншаму выглядае. Няўжо ніхто ніколі вагіну не бачыў? Крыніцай былі вусцейкі раслін — органы, праз якія расліны дыхаюць. У мяне мікраструктуры пераходзяць у макрасвет.

Вынікі апытання на TUT.by

Так, людзі, напэўна, не моцна захапляюцца біялогіяй, генетыкай і цыталогіяй, каб фармаваць асацыяцыі не на банальным узроўні. Але няма сэнсу спрачацца. Пытанні, якія я задаю, дастаткова сур'ёзныя, і яны не вырашаюцца на ўзроўні "вагіна гэта ці не". У дыскусіі павінны ўдзельнічаць людзі, якія валодаюць якаснымі ведамі.

Еўрарадыё: Улічваючы спецыфіку пытанняў, гэта не можа быць дыскусіяй з масавым гледачом.

BAZINATO: Так, і тым не менш, я хачу працягнуць гэты дыялог. Да гэтага ў мяне быў іншы арт-праект — смеццевая галерэя. Там былі сабраныя дзевяць унікальных беларускіх мастакоў, якіх ведаюць па ўсім свеце, але не ў Беларусі. І вось, усе дзевяць работ за дзень былі вынесеныя. Гэта было ў Маладзечне. Работы дасталіся мясцовым жыхарам. Мне кажуць: "Скралі, скралі!". Гэта не скралі, уся гісторыя пра іншае. Не было таблічкі: "нельга браць" — і людзі проста вырашылі так зрабіць. Хтосьці ўзяў, таму што на сметніку твору мастацтва няма месца. Хтосьці ўзяў, таму што ён у жыцці не бачыў нічога падобнага па сэнсе і прыгажосці. Хтосьці вырашыў захаваць, каб гэта не было знішчана. Мне падабаюцца такія гульні і дыялогі.