Вы тут

Аўтамабіль на хуткасці наехаў на пікетоўцаў каля рэстарана "Поедем поедим"

Фота з архіву svaboda.org

25 ліпеня каля 16 гадзіны адзін з наведнікаў рэстарана "Поедем поедим" наехаў на пікетоўцаў, якія нясуць вахту каля забаўляльнай установы. Пра гэтае здарэнне Радыё "Свабода" распавёў сустаршыня БХД Павел Севярынец, які быў відавочцам інцыдэнту. 

Па яго словах, кіроўца Уладзімір Ч. на вялікай хуткасці (70-80 км/гадз.) заехаў на тэрыторыю рэстарана. Пікетоўцы разышліся ўбакі, пабачыўшы, што аўто не збіраецца зніжаць хуткасць. Потым кіроўца спрабаваў на вялікай хуткасці выехаць, але ўрэзаўся ў пікет і зламаў люстэрка ў машыне. 

"Пікетоўцы яго не прапускалі, ён счапіўся са Змітром Казакевічам, адбылася бойка. У выніку ў Казакевіча парваная кашуля і цялесныя пашкоджаньні. Цяпер з гэтым кіроўцам разбіраюцца міліцыянты, праглядаюць відэа, а Зміцер Казакевіч паехаў у Бараўляны пісаць заяву аб нападзе і патрабаваць экспертызы", — паведаміў Севярынец.

Ён дадаў, што з кіроўцамі іншых аўтамабіляў, якія прыязджалі ў рэстарана 25 ліпеня, у пікетоўцаў канфліктаў не было.

Пікетаванне рэстарана "Поедем поедим" каля Курапатаў ідзе з 31 траўня. Абаронцы мемарыяльнага комплексу патрабуюць зачыніць забаўляльную ўстанову.