Асуджаны за гвалт і забойства дзяўчыны з Рэчыцы аспрэчыць прысуд

Сёння ў Вярхоўным судзе павінен адбыцца разгляд касацыйнай скаргі па рэзананснай справе аб згвалтаванні і забойстве 19-гадовай дзяўчыны з Рэчыцы.

Злачынства было здзейсненае ў канцы жніўня 2013 года, а сёлета ў сакавіку Гомельскі абласны суд прызнаў вінаватым у ім 21-гадовага Сяргея Іванова, жыхара Рэчыцы.

Асуджаны быў знаёмы са сваёй ахвярай, напаў на яе, жорстка збіў, згвалтаваў, а калі дзяўчына сканала ад атрыманых траўмаў, забраў яе рэчы. Следства выявіла, што ў момант здзяйснення злачынства зламыснік быў п’яны і ўжываў псіхатропныя рэчывы. Ён напаў на сваю ахвяру, бо яна адмовіла яму ў сэксе.

Маладога чалавека прыгаварылі да найвышэйшай меры пакарання і сёння гэты прысуд будзе аспрэчвацца.

Сяргей Іваноў меў праблемы з міліцыяй з пятага класа, а з 15 гадоў адбываў турэмныя тэрміны за крадзяжы, рабаванні і хуліганства. На момант здзяйснення злачынства ўжо меў тры судзімасці.

У апошнім слове падсудны цалкам прызнаў сваю віну і папрасіў даравання ў маці забітай дзяўчыны, а таксама ў сваёй маці. На судзе ён не стаў даваць паказанні датычна непасрэдна забойства.

Маці забітай заявіла, што задаволеная прысудам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі