Арыштаваных наваполацкіх медыкаў перавялі ў СІЗА Віцебска

Арыштаваных медыкаў перавялі з Наваполацка ў Віцебск / pixabay.com, ілюстрацыйнае фота
Арыштаваных медыкаў перавялі з Наваполацка ў Віцебск / pixabay.com, ілюстрацыйнае фота

У СІЗА Віцебска перавялі наваполацкіх медыкаў, арыштаваных па адміністрацыйных справах, паведамляе ТГ-канал "Позірк".

Паводле папярэдняй інфармацыі, гаворка не ідзе пра ўзбуджэнне крымінальных спраў на іх. Крыніца, якая пажадала застацца неназванай, расказала журналістам, што такія пераводы практыкуюцца, бо "ўмовы ўтрымання ў Віцебску нашмат горшыя".

Еўрарадыё паведамляла пра масавае затрыманне медыкаў у Наваполацкай цэнтральнай бальніцы, якое адбылося 17 траўня. Хірург Міхаіл Пачкоўскі і ўролаг Павел Стальмакоў арыштаваныя на 15 сутак паводле абвінавачання ў распаўсюдзе экстрэмісцкай прадукцыі. Загадчыцу аддзялення гінекалогіі Ірыну Васільеву і фельчара хуткай дапамогі Наталлю Первянёнак арыштавалі на 10 сутак за "несанкцыяваны пікет". Вядома, што Первянёнак судзілі за ўкраінскі сцяг на аватарцы ў сацсетцы.

У Васільевай маці — інвалід першай групы, якой патрэбны догляд.

Спецыяліст УГД Ала Стальмакова, у якой двое дзяцей, аштрафаваная на 100 базавых велічынь (3700 рублёў). У чым яе абвінавацілі, невядома.

Таксама ёсць звесткі пра 15-сутачны арышт медсястры Святланы Грыгаровіч. Артыкул КаАП не паведамляўся.

Затрыманні медыкаў адбыліся пасля ўцечкі інфармацыі, што менавіта ў гэтую клініку ў красавіку даставілі ў цяжкім стане і са слядамі збіцця экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыку. Але з 28 красавіка невядома, дзе трымаюць палітвязня.

Правілы бяспекі: як пачысціць фота ў аблоках Google і iCloud

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі