Арыштавалі нецвярозага мінчука, якога ДАІ пераследавала са стралянінай

Яго затрымалі ўначы 27 кастрычніка п'яным за рулём — чацвёрты раз за тры гады. Пра гэта агенцтву БелаПАН распавёў намеснік пракурора Цэнтральнага раёна Віктар Шабан.





Па звестках ДАІ, прыкладна а 2-й гадзіне ночы 27 кастрычніка на вуліцы Ціміразева ў Мінску інспектары пабачылі БМВ-320, якая рухалася са значным перавышэннем хуткасці. Міліцыянты запатрабавалі ад кіроўцы спыніцца, але ён толькі павялічваў хуткасць. Падчас пагоні парушальнік неаднаразова ствараў аварыйную сітуацыю патрульнаму аўтамабілю, а таксама ствараў рэальную пагрозу бяспецы дарожнага руху.





Міліцыянты вырашылі выкарыстаць табельную зброю, каб спыніць парушальніка. Яны зрабілі ў паветра два папераджальныя стрэлы, але кіроўца працягваў ігнараваць іх патрабаванні. Заехаўшы ў гаражны масіў у вёсцы, ён спыніўся, бо ў машыне лопнула кола. Парушальнік спрабаваў уцячы, а падчас затрымання аказваў супраціў.





Выявілася, што ў кіроўцы няма правоў на кіраванне транспартнымі сродкамі. У яго крыві было выяўлена 1,44 праміле алкаголю. І гэта было не першае яго парвапарушэнне за рулём. Цяпер на маладога чалавека пачалі крымінальную справу. Яго аўтамабіль арыштаваны.





Фота — opgks.info