Вы тут

Арына Сабаленка выйшла ў трэці круг US Open

Арына Сабаленка / Reuters

Другая ракетка свету беларуска Арына Сабаленка выйшла ў трэці круг Адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе. У 1/32 фіналу яна даволі хутка перамагла тэнісістку са Славеніі Тамару Зіданшэк (40-ы нумар сусветнага рэйтынгу) — 6:3, 6:1. Гульня доўжылася ўсяго гадзіну.

Цяпер Сабаленка сустрэнецца з амерыканкай Даніэль Колінз (29-е месца ў рэйтынгу WTA). Гульня запланаваная на заўтра.

Барацьбу за галоўны трафей US Open працягвае і яшчэ адна беларуска — Вікторыя Азаранка (19-е месца ў рэйтынгу WTA). У другім крузе яна перайграла ў дзвюх партыях спартсменку з Італіі Ясмін Пааліні – 6:3, 7:6 (7:1). Заўтра Азаранка будзе змагацца за выхад у 1/8 фіналу з іспанкай Гарбінье Мугурусай (10).

Аляксандра Сасновіч таксама стартавала на US Open, але выбыла ў першым жа крузе.

З перамогі пачаў сваё выступленне на Адкрытым чэмпіянаце ЗША па тэнісе і Ілля Івашка. У стартавым матчы ён перайграў амерыканца Тэніса Сандгрэна — 7:6 (7:3), 6:3, 6:4. Наступным яго супернікам будзе спартсмен з Канады Вашэк Паспішыў (58).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.