Аркадзь Ізраілевіч патрабуе ад "Новага часу" 40 тысяч рублёў

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч хоча атрымаць ад газеты "Новы час" 40 тысяч рублёў. Яшчэ тысячу рублёў ён патрабуе ад Дзяніса Івашына, аўтара артыкулаў пра забудову каля Курапатаў, паведамляе novychas.by

Ізраілевіч падаў пазоў у суд Савецкага раёна Мінска. На яго думку, газета апублікавала шэраг артыкулаў, якія парушаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. 

Нагодай сталі артыкулы Дзяніса Івашына, прысвечаныя пабудове каля Куратапаў рэстарана "Поедем поедим" (першая назва "Бульбаш-хол"). На думку Ізраілевіч, са зместу артыкулаў вынікае, што менавіта ён і прыналежнае яму ТАА "ІВ" з'яўляюцца канцавым бенефіцыярам будаўніцтва рэстарана. 

Ізраілевіч піша: "У шэрагу асобаў пасля прачытання артыкулаў склалася ўстойлівае негатыўнае стаўленне да мяне як да бізнэсмена, здольнага забудоўваць месцы гістарычнай памяці дзеля атрымання камерцыйнай выгады".

Бізнэсовец не хавае, што асабіста знаёмы з фігурантамі расследавання Івашына, аднак падкрэслівае, што не мае ніякіх юрыдычных адносінаў да будаўніцтва рэстарана "Поедем поедим" і кампаніяў, пералічаных у артыкуле.

Ізраілевіч патрабуе абвяржэння звестак, абнародаваных у газеце.

Папярэдняе судовае пасяджэнне прызначанае на 29 жніўня.