Аргкамітэт Кангрэса дэмсіл звярнуўся ў Адміністрацыю прэзідэнта

У Мінскі гарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне 26-27 траўня Кангрэса дэмакратычных сіл. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў кіраўнік аргкамітэта па падрыхтоўцы КДС Аляксандр Бухвостаў. Арганізатары таксама накіравалі лісты з просьбай прадаставіць памяшканне для правядзення КДС у тры арганізацыі, што маюць для гэтага неабходныя ўмовы, - Палац рэспублікі, канцэртную залу "Мінск" і Палац культуры Мінскага аўтазавода.

Апрача гэтага, накіраваны ліст у Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай дазволіць правядзенне КДС, бо, паводле слоў Бухвостава, "такія мерапрыемствы не праводзяцца без дазволу вышэйшага кіраўніцтва краіны".

Адказ арганізатары кангрэса просяць даць да 16 траўня, каб да даты правядзення КДС паспець вырашыць усе праблемы. Рэгіянальныя канферэнцыі па падрыхтоўцы КДС ужо прайшлі ў трох абласцях - Мінскай, Гомельскай і Гродзенскай.

Усе сходы, паводле слоў Бухвостава, мелі неабходны кворум, для ўдзелу ў КДС на іх дадаткова абраны 21 дэлегат (усяго, як чакаецца, у працы кангрэса возьме ўдзел прыблізна тысяча дэлегатаў). Большасць удзельнікаў праведзеных рэгіянальных сходаў - 117 чалавек - прагаласвалі за абранне некалькіх сустаршыняў Палітсавета аб'яднаных дэмакратычных сіл. За абранне адзінага лідэра Палітсавета выступілі 112 чалавек.

Асноўныя дакументы, што выносяцца на КДС, - "Пазітыўная альтэрнатыва для грамадства", "Малая Канстытуцыя" і "Эканамічная платформа аб'яднаных дэмакратычных сіл" - ухвалены большасцю ўдзельнікаў рэгіянальных канферэнцый.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі